“Бясплатныя гурткі і абеды, 115 еўра на канцтавары, адсутнасць хатніх заданняў..." Як адрозніваецца вучоба школьнікаў у Беларусі і Люксембургу

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

Напрыканцы навучальнага года бацькі дзяцей беларускіх школ здаюць чарговыя грошы. Гэтым разам на рамонт класа. І гэта пры тым, што цягам года разнастайныя грашовыя зборы і так не спыняюцца. А калі дадаць сюды выдаткі на розныя кашулі і пінжакі, канцылярскія тавары, то па выніку набягае салідная сума.

Вучні малодшых класаў вывучаюць "традыцыі БРПА". Ілюстрацыйнае фота

Марыя Сталярова – колішняя жыхарка Добруша, цяпер жыве ў Люксембургу, мае сына школьніка. “Штодзень” паразмаўляў з ёй, як у яе краіне арганізаваны адукацыйны працэс. Спойлер: у Люксембургу, для набыцця канцылярскіх тавараў кожны год выдаюць па 115 еўра на адно дзіця. З наступнага года абсалютна ўсе гурткі будуць бясплатнымі.

Штодзень: У цябе сын у Беларусі хадзіў у школу? Ці пачаў толькі ў Люксембургу?

Марыя Сталярова: Мы былі на індывідуальным плане дома, паколькі ў сына дыслексія. Мы досыць рана гэта вызначылі. Знайшлі спецыяліста, усталявалі тып дыслексіі, распрацавалі пад яго ў Беларусі карэкцыйную праграму. І вось з гэтымі дакументамі я прыйшла ў школу, калі Глеб мусіў ісці ў 1 клас, і папрасіла, каб яго перавялі на індывідуальны план. То бок, па сутнасці, Глеб у школу не хадзіў: ён не быў у школьным калектыве, мы першы клас прайшлі дома.

Штодзень: Ці было страшна пераязджаць у іншую краіну, улічваючы, што трэба было сыну працягваць школьную адукацыю?

Марыя Сталярова: Канешне, засцярога была, як без гэтага, улічваючы, што да дыслексікаў ставяцца па-рознаму. Трэба было знайсці, у першую чаргу, камфортны асяродак для сына. То бок пытанне пра нашую адаптацыю не стаяла. Мы з мужам размелі, мы людзі дарослыя, 40+, мы шмат чаго пабачылі, неяк разбяромся. А вось як сына ўключыць… Па выніку, усе перасцярогі былі напраснымі, бо тут вельмі сяброўскі школьны асяродак для дзяцей.

Штодзень: У чым самае галоўнае адрозненне адукацыйнай сістэмы ў Беларусі і Люксембургу? 

Марыя Сталярова: Тут увогуле ўсё рознае. Гэта неба і зямля. Дзве абсалютна розныя сістэмы. У беларускай сістэме дзейнічае строгае падпарадкаванне дзіцяці настаўніку. Настаўнік – аўтарытэт. Дзіця як асоба не разглядаецца. Дзіця разглядаецца як нейкі аб’ект, а дакладней як суб’ект, які трэба чамусьці навучыць у загадным парадку.

У Люксембургу лаяльны асяродак для дзяцей. Дзеці пастаянна гуляюць на вуліцы. У іх перапынкі на вуліцы. Яны вольныя ў вопратцы: у іх няма школьнай формы. Яны вольныя ў прычосках, свабодныя ў меркаваннях. Але пры гэтым досыць строгая дысцыпліна. Але тут немагчымы такі момант, як у Беларусі: “Fй, сынок, ты сёння прастыў, у школу не пойдзеш, дзень-два паваляешся без даведкі дома”. Тут з гэтым строга. У школу нельга спазняцца. Вучацца тут школьнікі доўга. Школьны год да сярэдзіны ліпеня працягваецца. Гэта тое, што мяне тут больш за ўсё напружвае. Таму што ўжо палова лета, усе на моры, а мы ходзім ў школу кожны дзень. Урокі пачынаюцца досыць рана: у 7.55. Нават для беларускай школы гэта рана. І вось гэтыя апошнія шэсць летніх тыдняў даюцца цяжка ўсім.

Але ў цэлым адукацыйны асяродак у Люксембургу блізкі да ідэальнага. Дзеці камфортна адчуваюць сябе ў школе. Канешне, не без лакальных праблем. Бо трэба ўлічваць, што Люксембург – шматнацыянальная дзаржава. І ў школе вучацца дзеці з розных краін, якія трапляюць у адзін клас. У нас, напрыклад, у класе 15 нацыянальнасцяў. Уяві сабе, яны прыехалі з розных краін свету, ва ўсіх родная мова не французская, не нямецкая і не люксембургская. Хтосьці з Пакістана, хтосьці з Сірыі, хтосьці з Ірану. У класе Глеба нават хлопчык з Непалу быў. Хтосьці з Украіны, Беларусі, Расеі. Многа розных дзяцей, розныя культуры. Канешне, бываюць часам канфлікты на дізцячай пляцоўцы. Але з настаўнікам гэтыя канфлікты неяк вырашаюцца. Да дырэктара ўвогуле мала што даходзіць.

Штодзень: Ты нядаўна пісала ў фэйсбуку, што ўжо прызвычаілася да школьнай сістэмы ў Люксембургу. А тыя, хто толькі прыязджае, то здзіўляюцца некаторым момантам у школьнай праграме... 

Марыя Сталярова: Так, я памятаю сябе ў пачатку. Працэс быў троху дзіўны для нас, падавалася, што ён вельмі ліберальны, свабодны. Тут бацькі практычна выключаныя са школьнага працэсу. Добры гэта ці кепска, можна абмяркоўваць. Хто як прызвычаіўся. Але няма такога, як у Беларусі, што бацькі з жахам вядуць у школу, разумеючы, што 11 год, ва ўсялякім разе, першыя чатыры гады, давядзецца сядзець з дамашнімі заданнямі. І бацькі разам з дзецьмі дзяўбуць і дзяўбуць то матэматыку, то пропісі, клетачкі гэтыя. Уся гэтая абавязалаўка. Тут гэтага няма. Тут настаўнік задае дамашнія заданні на свой погляд. Калі ён палічыў, што дзіцяці можна і трэба. У гэтым выпадку настаўнік можа даць невялікае дамашняе заданне. Але такога разумення як дзённік, што ў яго трэба штосьці абавязкова запісаць, выканаць і выставіць адзнаку, тут гэтай сістэмы няма ўвогуле. Гэта было дзіўна для нас. Мы таксама першыя некалькі месяцаў хадзілі і пыталі: “А дзе дамашняе заданне, а калі будзе дамашняе заданне?”. На першай сустрэчы з настаўнікам мы задалі пытанне: “А калі вы нам дасцё дамашняе заданне? Мы хочам дамашняе заданне па матэматыцы!”. На што настаўнік сказаў: “Расслабцеся, дзіця знаходзіцца ў школе 6 гадзін, ён усё тут паспеў, ён прыйшоў увечары і хоча адпачыць. Няхай адпачывае”. 


Беларускія школьнікі часта ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, распрацаваных з улікам установак афіцыйнай ідэалогіі. Ілюстрацыйнае фота

Канешне, падаецца, дзеці на такім нейкім расслабоне вучацца. Не напружваюцца. Але працэс ідзе, усё засвойваецца, усё чытаецца, пішацца, матэматыка рашаецца. У школе тэсты. Дзеці атрымліваюць за іх адзнакі. Першыя 6 год (з 6 да 12 год) – пачатковая школа. Ацэначная сістэма тут ABCD. А пасля 6 класа дзеці пераходзяць у 7 клас у ліцэй. У залежнасці ад таго, якую паспяховасць яны паказалі, да чаго маюць здольнасці, школьная камісія па выніках розных тэстаў вырашае, у які ліцэй накіраваць дзіця. А ў ліцэі ўжо іншая сістэма ацэнкі. Зусім іншая вучоба. Там яны пачынаюць вучыцца. То бок першыя 6 год дзеці вучацца вучыцца, атрымліваюць базу ў мове, базу ў матэматыцы.

Штодзень: Патынне наконт замежнай мовы. Бо калі ў сталіцы яшчэ яна выкладаецца ў школах, то ў рэгіёнах – гэта вельмі часта прафанацыя. Як у школах Люксембургу выглядае сітуацыя выкладаннем замежных моў?

Марыя Сталярова: Мы ж у такую краіну трапілі, дзе 3 дзяржаўныя мовы. І навучанне вядзецца на трох мовах. Вось чаму яшчэ і не перагружаюць лішні раз дамашнімі заданнямі, бо ў дзяцей вельмі напружаны мозг падчас вучобы. Уяві, у іх першыя два ўрокі могуць праводзіцца на нямецкай мове, потым на французскай, потым факультатыў на люксембургскай. І ўсё гэта ў адзін дзень. У Люксембургу такая сістэма ў муніцыпалітэтнай школе: усе дакладныя навукі (матэматыка, фізіка) выкладаюцца на нямецкай мове. А ўсё астатнія (чытанне, пісьмо) – на французскай. Тут таксама ёсць каліграфія, але да яе так строга не ставяцца. То бок галоўнае, каб навучыўся пісаць правільна. І няважна, якая літара – круглая ці квадратная, галоўнае, што гэта менавіта тая літара, якую меў на ўвазе настаўнік. Дзеці ў школе з розных краін: камусьці прасцей, камусьці складаней даецца. У Глеба дыслексія, дык яму складаней з мовамі. Улічваючы, што паводле індывідуальнай праграмы займаецца. То бок Глеб не займаецца мовай з класам, ён займаецца з т’ютарам. Яны з улікам яго асаблівасцяў займаюцца. Напрыклад, друкуюць асобна літары больш вялікага памеру. Адзін чытае з ім, другі піша. Па выніку з ім 4 настаўнікі займаюцца індывідуальна. Гэта ўрозвень недасягальны ў нашай краіне. І пры гэтым я за гэта нічога не плачу.

Штодзень: То бок гэта не на табе, а на школе?

Марыя Сталярова: Абсалютна. Настаўнікі атрымалі дзіця з пэўнымі праблемамі, якія задакументаваныя. У нас была спецыяльная камісія пры Міністэрстве адукацыі з псіхолагамі і т’ютарамі. І пад яго кожны год распрацоўваецца праграма. І раз на паўгода настаўнікі ацэньваюць яго поспехі. І яны мне справаздачацца. Не я ім гавару, што я зрабіла дома, каб ён лепей стаў чытаць. Яны раз на паўгода справаздачацца, як яны спрацавалі. І вельмі выбачаюцца, калі не дасягнулі тых поспехаў, на якія яны разлічвалі.

Штодзень: Ты акурат рамясціла пост у фэйсбуку, што з наступнага года ў Люксембургу ўсе гурткі будуць бясплатнымі. У Беларусі гурткі – задавальненне нятаннае, асабліва калі дзіця займаецца ў прыватных цэнтрах.

Марыя Сталярова: Я вельмі добра гэта разумею. Бо першы год, калі Глеб вучыся ў Беларусі, зразумела, што яго трэба было кудысьці вадзіць. І я добра памятаю тую суму, якая выходзіла з улікам басейна, з улікам заняткаў з нейрапсіхолагам, з улікам школы малявання. Выходзілі досыць добрыя грошы. Улічваючы беларускія заробкі, я ўвогуле не ўяўляю, як бацькі гэта ўсё выцягваюць.

У Люксембургу і так частка гуртоў – бсплатная. Тут у жніўні дасылаюць шмат буклетаў (школа малявання, спартыўныя секцыі), дзе напісана, што ў такі дзень трэба прыйсці і запісацца. Гэта ўваходзіць у школьную адукацыю. Вы за гэта нічога не плаціце. Але ёсць частка нейкіх гуртткоў за якія трэба плаціць. Напрыклад, музычная школа каштуе 50 еўра ў год. Гэта невялікая цана. Ну, што такое 50 еўра ў год? Але тым не менш, аплата ёсць. Але цяпер хочуць адмяніць і гэта. Палічылі, што ёсць частка бацькоў, якія не могуць сабе і гэта дазволіць. Ва ўсіх павінныя быць роўныя магчымасці. А калі дзіця хоча хадзіць у музычную школу, а ў бацькоў няма грошай на гэта. Таму што розныя прыбыткі ў людзей. Ці, напрыклад, трое дзяцей. І трое хочуць хадзіць, то музычная школа ўжо выйдзе 150 еўра ў год. Таму Міністэрства адукацыі прыняла рашэнне зусім адмяніць аплату за гурткі: няхай дзеці ходзяць, куды хочуць.

Штодзень: І абеды таксама будуць бяспланыя?

Марыя Сталярова: І абеды бясплатныя. Яны і так недарагія. У раёне 5 еўра. Але калі за тыдзень, то атрымліваецца, 25. А памножыць на год, то прыстойная сума выходзіць. Для любога бюджэта. З наступага навучальнага года будуць бясплатныя абеды для тых, хто ў прадлёнцы. Але мы не ў прадлёнцы. Таму што прадлёнка тут не для ўсіх. Ёсць такі нюанс, што бяруць у прадлёнку тых, у каго абодва бацькі на працы. То бок за дзіцём няма каму паглядзець цягам дня. Ці шматдзетная сям’я і маці цяжка. І ў прадлёнку звычайна чарга. Ну, у нас паколькі тата працуе, а мама не, то я ваджу сына на абед да дому. Дзеці вучацца з 7.55 да 12-й. У 12 я забіраю і да 14-й адводжу на другую палову дня. А 16-й забіраю. І так тры разы на тыдзень. Два разы на тыдзень – кароткі дзень, калі мы вучымся да 12 і ездзім на розныя гурткі.

Штодзень: На канцылярскія тавары таксама даюць грошы?

Марыя Сталярова: Школа пачынаецца дзесьці 15 верасня. У жніўні абсалютна ўсе бацькі атрымліваюць ад дзяржавы падтрымку. У мінулым годзе было 115 еўра. Калі трое дзяцей, то на кожнага па 115. І гэтага хапае на той маленькі спіс, які дае школа. Школа просіць набыць 4 сшыткі, некалькі тэчак, пачак каляровай паперы, фарбы. То бок гэта вельмі маленькі набор у параўнанні з тым, што мы набываем у Беларусі. І ўсё. Цягам года мы болей нічога не набываем. Прычым тут дзеці вельмі класныя вырабы робяць у школе. Яны штосьці робяць проста “ўаў”. Напрыклад, штосьці з дрэва. Нейкія ліхтарыкі са светадыёднымі лямпачкамі, каб ліхатрыкі гарэлі І гэта ўсё забяспечвае школа. Ты да гэтага не маеш дачыненне. Табе дзіця проста нейкую прыгажосць прыносіш і гаворыць: “Глядзі, што мы зрабілі”.

 

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

Штодзень

 


  

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога