Гамяльчанка, якая дапамагае ўкраінцам: "Пасля 24 лютага ўся дзейнасць сканцэнтравалася на бежанцах"

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

Жыхары Гомеля ўключыліся ў дапамогу ўцекачам з Украіны. Сярод іх – гамяльчанка Аксана Бяляева. Цяпер яна апекуецца дзвюма ўкраінскімі сем’ямі. “Штодзень” распытаў валанцёрку, каму яна дапамагае і навошта ёй усё гэта трэба. 

Аксана Бяляева падчас наведвання знакамітага ландшафтнага заказніка "Ельня"

Штодзень: Пытанне, якое цікавіць часта беларусаў: навошта ўсё гэтае валанцёрства трэба? Навошта свой час выдаткоўваць на гэта?

Аксана Бяляева: Гэта цікава. Цікава маім дзецям, цікава майму мужу. Калі я толькі ўпершыню пачула пра валанцёрства, то ў мяне таксама было такое пытанне: што гэта за дурні, якія марнуюць свае рэсурсы на нейкае валанцёрства. Але калі ў мяне распачаліся свае родныя валанцёрскія праекты (на той момант не звязаныя яшчэ з уцекачамі), то я зразумела, што гэта адзін са спосабаў знайсці шмат сяброў, пазнаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей, даведацца шмат новага, пракачаць навыкі ў абсалютна разнастайных сферах.

Штодзень: Вы акурат сказалі, што раней таксама займаліся валанцёрствам. Можаце распавесці пра свае ранейшыя праекты?

Аксана Бяляева: Год-паўтара назад я стварыла свой медыя-праект. Называецца “Vo-Go” (“Валанёры наперад”, калі перакласці).  У мяне ёсць каманда людзей. Мы ездзілі па розных валанцёрскіх праектах, асвятлялі і прымалі ў іх удзел. То бок рукамі камусьці штосьці дапамагалі рабіць і асвятлялі гэта. Рабілі аматарскія відэаролікі. Мы маем групу ў Фэйсбуку таксама "Vo-Go". Але пасля 24 лютага ўся дзейнасць сканцэнтравалася на адным праекце. І ён не дае расcлабіцца. 

Штодзень: Можаце ўзгадаць выпадкі дапамогі ўцекачам, якія вам запомніліся. Гісторыя, якая найбольш зачапіла.

Аксана Бяляева: Распавяду гісторыю сям’і, якой я дапамагаю. Увогуле ўсе сем’і разбітыя па куратарах. Гэта зроблена дзеля таго, каб самі людзі не злоўжывалі валанцёрскай дапамогай. Уся дапамога ідзе праз адказную асобу. Куратарам для любой сям’і можа стаць любы беларус. Уся дапамога ідзе праз яго. І ён будзе ведаць, якая дапамога аказаная сям’і, якую ён курыруе. Гэта зроблена таксама дзеля таго, каб не атрымалася, што ў адной сям’і, напрыклад, тры самакаты, а ў іншай – нічога. 



Акцыя гомельскіх валанцёраў "Пасачкі для дзяцей вайны". На фота -- украінскія ўцекачы з санаторыя Чонкі

У мяне асабіста дзве сям’і, якія я курырую. Адна з іх складаецца з маці 78 год, дачкі 35 год і сына пасля 30 год. Мужчына – з ДЦП. Яны прыехалі з Чарнігаўскай вобласці, з Раўнаполля. Самі перасяклі мяжу з Беларуссю яшчэ да адвядзення расійскіх войскаў з Чарнігаўскага боку. (На дадзены момант беларуска-ўкраінская мяжа закрытая – заўв. “Штодня”). Яны з’ехалі з Украіны, таму што іх дом, як і суседнія дамы, згарэў цалкам разам з гаспадарчымі пабудовамі. А ў Беларусі ў іх былі нейкія сваякі. Яны прытулілі іх на два месяцы, пакуль тыя рабілі неабходныя дакументы. Жанчына ў гэтай сям’і –  адзіная працаздольная – уладкавалася нянечкай у дзіцячы садок №18 Гомеля. Я б хацела сказаць “дзякуй” загадчыцы гэтага садка. Яна не ведае мяне, я яе не ведаю. Але яна пагадзілася прыняць на працу ўцекача. А гэта патрабуе ад кіраўніка пэўных высілкаў: працадаўцу трэба схадзіць у дзяржорган, аддаць заяўку на дазвол, потым атрымаць гэты дазвол. І многія адмаўляюцца рабіць лішнія целарухі. Праз гэта ва ўцекачоў ёсць пытанні з працаўладкаваннем.

Сям’я, якой я апякуюся, знайшла сабе кватэру. Хоць гэта таксама было няпроста. Бо цяжка знайсці дастойнае жытло, каб быў безбар’ерны асяродак. Тая жанчына аббегала абвестак, можа, 30. І многія арэндадаўцы адмаўляліся здаваць, калі даведваліся, што ў сям’і ёсць інвалід. Аргументы былі кшталту: то вы мне ламінат падрапаеце, то вуглы паб’еце, то канапу, прабачце, абсікаеце. У жанчыны заробак мусіць быць 430 рублёў. Ёй трэба за кватэру аддаць 270 рублёў. Плюс камунальныя плацяжы. І на што жыць будзе гэтая сям’я? Ну, вось толькі пакуль мы яе падтрымліваем. Бо калі павылічаць усё, застаецца на ежу, можа, рублёў 50.

Штодзень: Як вашыя сябры, сваякі ставяцца да вашай валанцёрскай дзейнасці? Ці ёсць паразуменне?

Аксана Бяляева: Калі займаешся валанцёрствам, то знаходзіш новых сяброў. Старыя застаюцца па старых інтарэсах. А ты знаходзіш новых, з якімі вам цікава займацца нейкімі іншымі праектамі. Што тычыць родных, то нават мая мама неаднаразова давала грошы, каб я дапамагала ўцекачам. Муж летась ездзіў са мной на балота Ельня, калі мы дапамагалі аднаўляць экасцяжыну.

Летась мы ездзілі таксама з дочкамі на рэканструкцыю палаца Горватаў у Нароўлі. Мы жылі ў намётах. Дзецям вельмі падабалася: і дапамагаць, і жыць у намётах, і купацца. Мы ім пра прывідаў ў палацы распавялі. Было шмат уражанняў.

Аксана разам з дачкой на працах па аднаўленні палацу Горватаў у Нароўлі

На днях быў фрымаркет у Гомелі (гэта не мой праект). Мы проста далучыліся. Арганізатары нам дапамаглі: пашырылі спіс таго, што можна прыносіць. Пасля фрымаркета заставаліся рэчы, якія трэба было рассартаваць. І мая дачка ездзіла валанцёрыць. Пры сартаванні там можна было прыносіць з сабой, што хочаш, і забіраць, што хочаш. Вось яна два пакункі туды аднесла і адтуль пакет прынесла. Усе засталіся задаволенымі. Валанцёрства – гэта не тады, калі аддаеш болей, чым атрымліваеш. Наадварот, валанцёрства – гэта калі атрымліваеш болей, чым аддаеш. 

Штодзень: Падчас валанцёрства паўстае пытанне пра выгаранне. Як вы асабіста для сябе вырашаеце гэтую праблему выгарання? Што робіць, каб не выгарыць эмацыйна, асабліва цяпер, калі займаешся ўцекачамі, бо тэма часта балючая.

Аксана Бяляева: Выпадкі такія былі цяпер, калі мы дапамагаем украінскім уцекачам. І людзі выгаралі вельмі хутка. Якая ў мяне формула, каб не выгарэць? Не трэба аддаваць самае апошняе. Напрыклад, нельга адарваць ад свайго дзіцяці апошні кавалак хлеба. Не тым плане, каб падзяліцца, а менавіта адарваць апошняе. Трэба мець разумныя межы ў валанцёрстве. Час, які ты прысвячаеш, не павіннен быць болей, чым час сям’і і працы. Валнцёрства – вольны час. Асобна праца, асобна сям’я. А тое, што вольны час – гэта валанцёрства. Калі ёсць перакос, тады людзі выгараюць вельмі моцна і вельмі хутка. Жаданне дапамагчы не павінна быць такое, што нясеш апошнія грошы. Ці, напрыклад, на дзіцячыя грошы набываеш прадукты, а потым сутыкаешся з негатыўнай рэакцыяй сям’і ці знаёмых. Ці дзеці плачуць, што мама на іх не звяртае ўвагі, а толькі валанцёрствам займаецца. Бо менавіта ў такіх выпадках адбываецца выгаранне.


Штодзень
Фота: архіў гераіні матэрыяла Аксаны Бяляевай

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

 



Комментарии

Популярные сообщения из этого блога