Беларусы ў логавішчы Zвера: гісторыі гомельцаў, якія сустрэлі вайну ў Маскве

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

Да пачатку вайны многія беларусы звязвалі свае жыццёвыя планы з Масквой. Некаторыя рабілі з сталіцы РФ кар’еру дзесяцігоддзямі, хтосьці набываў маёмасць і гадаваў дзяцей. Аднак з нападам Расеі на Украіну суайчыннікі ўсвядомілі, што перспектываў у гэтай дзяржавы няма. “Штодзень” запісаў гісторыі гомельцаў -- 38-гадовай Ганны і 36-гадовага Андрэя. Маладая жанчына пасля пачатку вайны кінула любімую працу, сабрала за рэчы за вечар і з’ехала ў адну з краін Еўразвязу. Андрэй, хоць і катэгарычна настроены супраць вайны, не можа з’ехаць з Масквы па сямейных прычынах.


Мітынг на стадыёне Лужнікі ў падтрымку "спецаперацыі" ва Украіне. Фота: Вести

Ганна, 38 год, нараджэнка Гомеля, майстар манікюра:

Я пражыла ў Маскве амаль 11 год. У першы раз з’ехала туды праз цяжкую эканамічную сітуацыю на радзіме. І хоць я хацела першапачаткова эміграваць у іншы бок, на Захад, але ў Маскве мне знайшлася праца. Калі прыехала, мне спачатку там вельмі спадабалася. Мне ўсё было цікава цягам наступных 8 год. У наступныя гады я шмат падарожнічала па Расеі, але пазней цікавасць і захапленне прайшлі. На перамену стаўлення паўплывала тое, што нас закрылі на лакдаўн праз каронавірус у 2020 годзе, рэзка ў адзін дзень перасталі працаваць метро, таксі, грамадскі транспарт... Я яшчэ захварэла тады цягам месяца, грошы пачалі сканчацца. Я тады пачала разбірацца ў палітычнай сітуацыі ў РФ. Глядзела Інтэрнэт, чытала навіны і бачыла неадпаведнасць таго, што паказваюць у ТВ, калі параўноўваць з рэальнасцю. Пазней я знайшла на ютубе канал “Сотник-ТВ”, стала глядзець яго рэгулярна. І ў мяне палезлі вочы на лоб ад таго, што адбываецца ў Расеі. 

Яшчэ больш на змяненне майго стаўлення да РФ паўплывалі падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе. Мне было рэальна страшна за сваіх блізкіх, за краіну. Тады я зразумела, што нічога не атрымаецца ў нас, бо за ўладай у Беларусі стаіць Пуцін. Многія знаёмыя расейцы, калі я ім паказвала кадры збіцця мірных людзей, мне казалі: “Я лічу, што гэта фэйк...” Нехта перажываў. Але я ўжо разумела, што ў РФ бардак. 

Калі пачалася вайна з Украінай, я сабрала рэчы за адзін вечар. Праўда, ад'езд заняў некалькі дзён. Я, калі збіралася, падумала: “Калі праз лакдаўн усё хутка закрылі, то што будзе, калі ўвядуць ваеннае становішча”. Па прыездзе на вакзал я ўбачыла вельмі шмат людзей, якія проста ўцякалі з Расеі. Масы людзей ехалі на Менск, усе баяліся, што закрыюць межы. 

Як паставіліся да вайны калегі?

Я ў жаху была. Усе падтрымалі напад. Мне сказалі: “Калі Пуцін -- х..ло, то што ты тут робіш?!” Адна калега сказала: “Хай уцюжаць укропаў!” Некаторыя, праўда, апраўдваліся нібы: “А што мы можам зрабіць?”. Чацвёртая, якой я распавяла пра грузінскага капітана, які паслаў на тры літары расейскі карабель, сказала: “Вельмі кепска!” Кліентка адна заявіла: “Вы думаеце, што гэта РФ напала на Украіну? Вы многа не ведаеце!” Я зразумела, што я ўзарвуся, калі працягну ім штосьці даказваць, таму вырашыла з’язджаць. У першыя дні калегі весяліліся, падтрымлівалі. Мне здаецца, яны дагэтуль не разумеюць, што адбываецца.

Праўда, на трэці ці чацвёрты дзень вайны быў момант, калі ўсе раптам замаўчалі. Проста прыходзілі на працу і маўчалі. І кліенты таксама нічога не гаварылі. Напружанне адчувалася ў паветры. Не хацелася нікому ні пра што гаварыць. Не магу сказаць, што Масква была пустая, але было адчуванне, што раёны пустыя. Цішыня. Зацішша, нібы ў перыяд адпачынкаў летам.

У мяне было асабістае сацыялагічнае даследаванне. З 16 больш-менш блізкіх мне людзей у Маскве толькі адзін падзяляў мае погляды. Адзін чалавек, які разумеў сітуацыю. Мы з ім паразмаўлялі. Усе астатнія проста рабілі выгляд, што лепш разбіраюцца, жорстка ставіліся да ўкраінцаў і дагэтуль крычаць: “Крым наш!” Яны і сёння выстаўляюць імперскія фотачкі ў сацсетках. Я раней думала, што людзі пры добрых пасадах і з грашыма больш разбіраюцца ў пытаннях палітыкі, чым я. Але там я зразумела, што яны проста прыстасаванцы. Аказалася, што самыя простыя рабацягі больш адэкватныя, бо не завязаныя на сістэму. Я, канешне, сувязі ні з кім не разбураю. Калі-небудзь яны прачнуцца. Мне асабіста нічога кепскага не зрабілі, але я не магла там знаходзіцца сярод вар’ятаў.

Мне яшчэ было цяжка ў той атмасферы быць, паколькі перажывала за Гомель, які расейцы пераўтварылі ў вайсковую базу. Я чула аповеды родных пра тое, як ім страшна, калі дзень і ноч над імі лятаюць ваенныя самалёты бамбіць Украіну. Пазней я з’ехала ў адну з еўрапейскіх краін. Дарэчы, у мясцовасці, дзе я жыву, часта лятаюць самалёты, бо там знаходзіцца база НАТО. Гляджу я на іх і ў мяне чамусьці спакой на душы: “Гэта не тыя самалёты, якія Украіну бамбілі...”

Андрэй, 36 год, бізнесовец

Да апошняга я не верыў, што такая вайна ўвогуле магчымая. Калі дазнаўся раніцай 24-га, быў у шоку некалькі дзён. “Куды ехаць, куды бегчы”, -- пастаянна не мог знайсці сабе месца. Але куды бяжаць, калі на табе дзеці, іпатэка, жыллё, праца... Мы толькі ўехалі ў новую кватэру, абставілі яе, а тут усё кідаць трэба! Зрэшты, многія людзі з майго кола апынуліся ў падобнай сітуацыі.

Ці адчувае адзінокім сябе са сваім пунктам гледжання?

У мяне такое склалася кола сяброў, што з імі можна ўсё абмяркоўваць. З незнаёмымі людзьмі даводзіцца фільтраваць выказванні, стрымліваць сябе ў размовах. З сябрамі размаўляем спакойна на самыя складаныя тэмы. На працы ёсць некалькі чалавек, якія пагаджаюцца з тым, што адбылося, пры іх мы асцярожнічаем. Аднак большасці не падабаецца вайна. Гэта трэба быць зусім дурным, каб у ХХІ стагоддзі падтрымліваць вайну. Якая б ні была сітуацыя, але нападаць на суседнюю дзяржаву! На гэта няма падставаў, не ўкладаецца гэта ў логіку сучаснага чалавека. Таму я да апошняга не мог паверыць, бо гэта не выгадна нікому.

Ці былі выпадкі агрэсіі ў дачыненні да людзей з антываеннай пазіцыяй?

Адкрытай агрэсіі ў Маскве я асабіста не заўважаў. Аднойчы, праўда, у транспарце бачыў бабулю, якая пераглядзела ТВ і пачала патрабаваць, каб ёй саступалі месцы, бо яе чатыры сыны загінулі за Расею на Данбасе! Хаця на выгляд нармальная бабця, апранутая досыць прыстойна. Было бачна, што паехала ў яе галава ад прагляду прапаганды. Хто побач ехаў, глядзелі на яе як на вар’ятку...

Наколькі візуальная прастора Масквы таксічная ў плане мілітарысцкіх сімвалаў?

У дзяржаўных установах сімвал Z выстаўляюць на стэндах, сям-там вывешваюць на фасадах. Некаторыя камерцыйныя арганізацыі вывешваюць лозунгі ў падтрымку “спецаперацыі”, чаго раней не было. Аднак не скажу, што ўсяго гэтага многа. У Маскве многа людзей з дэмакратычнымі поглядамі. Відаць, не хочуць усіх злаваць лішні раз. Так, ёсць людзі, якія ездзяць на машынах з літарамі Z, але іх параўнальна мала. Даводзіцца сябе стрымліваць, каб колы ім не парэзаць.


На некаторых адміністрацыйных будынках у гарадах РФ з'явіліся банеры ў падтрымку вайны. Фота: ЮГА

Не было жадання з’ехаць?

Было. Думаю памяняць працу, пачаў шукаць моўныя курсы ці хацеў нават запісацца на навучанне на тэсціроўшчыка. Пачаў гэтым займацца, бо насамрэч будучыні ў РФ з прагматычнага гледзішча ўжо не будзе. Не ўсе людзі, як мне падаецца, разумеюць наступствы ад вайны. Нават адукаваныя расейцы лічаць, што ўсё будзе добра, неяк нармалізуецца і наладзіцца жыццё. Шмат людзей страціла замовы, працу, але працягваюць тут сядзець і на нешта спадзяюцца...


Мітынг грамадзянаў РФ, якія выступаюць супраць агрэсіўнай палітыкі Уладзіміра Пуціна. Фота: Валерый Ценявы


Ці адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі і РФ?

У РФ, канешне, падтрымка вайны большая. Імперскасць у РФ зашкальвае. Хаця і ва Украіне такіх людзей хапае, якія хочуць быць часткай імперыі. Але ў РФ больш за 50% імперцаў, па маіх назіраннях. Не важна, што ўсе жывуць у крэдытах і ходзяць у вулічныя сарціры, але ўсё адно мараць пра імперыю. Хочуць быць часткай незразумелай велічы. Гэта ёсць ў падаўляючай большасці расіян.

Мне не шкада такой Расеі. Я яшчэ заўважыў, што цяпер у РФ пачалі рыхтаваць да найгоршага сцэнара. Людзі пачалі баяцца ядзернай вайны. Народ рыхтуецца маральна. Пра гэта шмат размоваў. Як усе гэтыя падзеі развіваюцца, то разумею, што будучыню ў нас скралі.

 

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien 

Штодзень


Комментарии

Популярные сообщения из этого блога