“Петыцыя "Мільён подпісаў за Беларусь у ЕЗ” -- гэта віртуальны варыянт мірнага маршу"
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
"Штодзень" распытаў каардынатарку кампаніі "Мільён подпісаў за Беларусь у ЕЗ" Вольгу Павук пра тое, ці задаволеная яна дынамікай збору подпісаў і для чаго ўвогуле варта падпісаць петыцыю .
![]() |
Каардынатарка кампаніі “Мільён подпісаў за Беларусь у ЕЗ” Вольга Павук |
Штодзень: Пры якіх абставінах узнікла ідэя петыцыі ў падтрымку еўрапейскага шляху Беларусі?
Вольга Павук: Ідэя петыцыі ўзнікла ў сакавіку ў межах Форума Каліноўскага ў Вільні (Форум Каліноўскага -- сустрэча экспертаў і палітыкаў па тэматыцы Беларусі, арганізаваная літоўскім сеймам -- заўвага рэд.). У той момант ва Украіне пачалася вайна, таму беларуская тэма адышла, натуральна, на другі план. Варта сказаць, што ў тыя дні з тэрыторыі нашай краіны ўвесь час па Украіне запускалі ракеты, таму Беларусь не выглядала добра. І паўстала пытанне, як аддзяліць беларускі народ ад дыктатара Лукашэнкі? Як мы маглі візуалізаваць супраціў, улічваючы нашыя абмежаваныя магчымасці? Мы здагадваліся, што многія беларусы супраць вайны, але не ведалі, колькі нас. Мы пачалі збірацца з беларускімі актывістамі, думалі, як гэта можна паўплываць на сітуацыю. Цягам месяца мы размаўлялі з прадстаўнікамі розных арганізацый, разважалі, як далучыць як мага большую колькасць людзей. І ў выніку мы прыйшлі да высновы, што петыцыя -- гэта ці не адзіны для нас варыянт давесці тое, што беларусы супраць крамлёўскай акупацыі Украіны і Беларусі, што наш народ супраць вайны. Петыцыя -- гэта такі вось электронны варыянт мірнага маршу. Калі мы выходзілі ў сваіх гарадах у 2020 годзе, што мы рабілі? Мы паказвалі ўсяму свету, што нас багата, што мы супраць... Нешта падобнае і з петыцыяй.
Штодзень: Як вы ацэньваеце дынаміку збору подпісаў? Як суадносяцца чаканні (амбіцыйная назва петыцыі “Мільён подпісаў”) з рэальнасцю (каля 5 тысяч падпісантаў)?
Вольга Павук: Дынаміка збору подпісаў стала “сюрпрызам” для мяне, бо, як мне здавалася, петыцыя -- гэта найлягчэйшы спосаб паказаць, што мы яшчэ жывыя. Петыцыя з’явілася не таму, што мы з глузду з’ехалі. Маўляў, як збяром подпісы, дык нас адразу прымуць у ЕЗ. Гэта не так. Праца над петыцыяй пачалася на Форуме Каліноўскага, нашую ідэю падтрымалі польскія і літоўскія палітыкі. Адпаведна, калі ўсё пойдзе добра, то у петыцыі будзе практычны працяг. Для нас гэта шанс, каб не знікніць з інфармацыйнага поля. Трэба ўлічваць, што Украіна, Грузія і Малдова падаюць свае заяўкі на статус краіны-кандытата ў ЕЗ у чэрвені гэтага году. Аднак ад Беларусі няма сёння гучнага слова пра нашыя еўрапейскія памкненні. Можа быць, гэта апошні шанс, каб вырвацца з-пад уплыва Масквы. Адной Святланы Ціханоўскай недастаткова, яна не можа цягнуць за ўсю краіну справу. ЕЗ і нашыя суседзі зацікаўленыя мець побач з сабой нармальную краіну, а не Расейскую імперыю. Таму мы ўзялі на сябе адказнасць арганізаваць петыцыю. Але сапраўды збор подпісаў ідзе вельмі марудна. Я меркавала, што з энтузіязмам далучацца нашыя арганізацыі, якія выехалі, для іх будзе пэўным шансам, новым дыханнем, каб яны ў рамках еўраінтэграцыі пачалі будаваць сваю працу. Але пайшло інакш... Некаторыя арганізацыі пачалі нешта падазраваць: адкуль грошы, хто кіруе і г.д. Я хачу сказаць, што ініцыятыва насамрэч знізу пайшла. Грошай на кампанію не маем, нас ніхто не крышуе...
![]() |
Штодзень: Хто канкрэтна з топ-персон падтрымаў петыцыю?
Вольга Павук: Святлана Ціханоўская і яе Офіс нас падтрымліваюць цалкам, але праблема ў тым, што не было публічнай заявы. Мне людзі пішуць: “Як жа Святлана падтрымала, калі няма заявы ў яе тг-канале?” На гэты момант сітуацыя такая: прадстаўнік Офіса Аляксандр Дабравольскі першым падпісаў. Да нас таксама далучыліся: партыя “Народная грамада”, БНФ, Рада БНР, маладзёжка сацдэмакратаў, Экадом, прадстаўніца шведскай дыяспары году Леся Руднік, “Беларускі дом у Варшаве” і шэраг іншых арганізацый...
Я хачу, каб вакол гэтай ідэі аб’ядналася як мага больш людзей. Я спадзяюся, што людзі, якія маюць вагу ў грамадстве, прапануюць сваю дапамогу. Таму што насамрэч складваецца дрэнная сітуацыя з улікам таго, што ўжо 24 чэрвеня ў Брусэлі будуць прымаць заяўкі Грузіі, Малдовы і Украіны. Мы, канешне, мільён подпісаў не збяром, але хаця б трэба прадэманстраваць дынаміку.
Штодзень
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
Комментарии
Отправить комментарий