Спрут “Рассупрацоўніцтва”, альбо як у Гомелі зачышчаецца Беларушчына
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
На месца зачышчанага ўладамі поля беларускай грамадзянскай супольнасці прыйшлі расейскія арганізацыі. Напрыклад, у Гомелі ліквідавалі нават найстарэйшую краяўнаўчую арганізацыю “Талака”, затое прадстаўніцтва "Рассупрацоўніцтва" – “Рускі дом” – вельмі лёгка пускаюць ва ўсе адукацыйныя ўстановы абласнога цэнтра. Больш за тое, “Рускі дом” становіцца партнёрам амаль усіх грамадскіх і культурніцкіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў горадзе. А яшчэ яны абсалютна адкрыта выдаюць мінігранты.
![]() |
Ілюстрацыйнае фота |
У Гомелі налічваецца 75 установаў сярэдняй адукацыі. І як
мінімум з 10 з іх сістэмна супрацоўнічае “Рускі дом”. Гэта не
ўлічваючы дзіцячыя садкі, мастацкую школу, ліцэй МНС і ліцэй будаўнікоў. Усё
тое, што раней праводзілі беларускія грамадскія арганізацыі, замянілі
мерапрыемствамі з расейскім ідэалагічным напаўненнем.
Даведка. “Рускі дом” – прадстаўніцтва
“Рассупрацоўніцтва”, які з’яўляецца федэральным органам выканаўчай улады
Расейскай Фэдэрацыі. У 2016 годзе Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб
супрацьдзеянні прапагандзе з боку Расеі, у якой адзначалася, што ўлады РФ
вядуць прапаганду супраць Еўрасаюза і краін Усходняга партнёрства (Азербайджан,
Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна) з дапамогай “Рассупрацоўніцтва”.
Ва Украіне дзейнасць прадстаўніцтва “Рассупрацоўніцтва” забаранілі толькі
ў 2021 годзе (тады быў закрыты “Рускі дом” у Кіеве). У адказ
“Рассупрацоўніцтва” адкрыла РЦНК на акупаваных тэрыторыях. Напрыклад,
“Рускі дом” дзейнічае ў Данецку. Плануецца ягонае адкрыццё ў Луганску.
У Гомелі РЦНК адкрылі восенню 2016 года. І з тых часоў цэнтр
усяляк падтрымліваецца мясцовымі ўладамі. Яны могуць абсалютна без праблем
наведваць школы, каб правесці чытанні вершаў, перадаць кнігі рускіх аўтараў ці
зладзіць эрудыт-турнір. У самім цэнтры праводзяцца жаночы клуб, фотавыставы,
кінаклубы. То бок усё тое, што раней праводзілі беларускія
арганізацыі, якія цягам двух апошніх год прымусова ліквідавалі
мясцовыя ўлады.
Паводле маніторынгу, праведзенага Lawtrend сумесна з OEEC (стан
на 31 траўня 2022), зафіксавана, што 448 беларускіх некамерцыйных арганізацый
знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі і 317 некамерцыйных арганізацый, у
адносінах да якіх прынятае рашэнне аб самаліквідацыі. Паглядзім, якіх
арганізацый інстытуцыялізавана не стала ў Гомелі.
У верасні 2021 года суд ліквідаваў найстарэйшую краязнаўчую
арганізацыю “Талака”, якая займалася папулярызацыяй беларускай культуры. Затое цяпер у Гомелі дзейнічае “Рускі дом”, адна з
мэтаў якога падтрымка праектаў, скіраваных на папулярызацыю рускай культуры.
Напрыклад, сярод апошніх мерапрыемстваў “Рускага дому” – святочныя
мерапрыемствы ў памяць пра А.С. Пушкіна. Ці, напрыклад, праект “На языке
музыкі”, калі ў Гомелі правялі канцэрт з удзелам артыстаў Расеі. На
філалагічным факультэце ГДУ Скарыны “Рускі дом” разам з фондам “Рускі
мір” акдрылі кабінет рускай лінгвакультуры. Ці правядзенне тыдня рускай
мовы, калі ў гімназіі №14 сабралі каля 100 вучняў старэйшых класаў з усёй
вобласці для ўдзелу ў конкурсе мастацтва рыторыкі. Сюды ж можна дадаць і
розныя мерапрыемствы па папулярызацыі рускіх дзеячаў у школах. Так, напрыканцы
навучальнага года, у школе №75 праходзіла выстава, прысвечаная Пятру І. Дарэчы,
Уладзімір Пуцін параўноўвае сябе з Пятром І і адзначае, што мэтай Расіі
з’яўляецца вяртанне тэрыторый. Выстава, прысвечаная Пятру І, прайшла
таксама ў іншых школах Гомеля.
![]() |
Перасоўная выстава ў гонар расейскага цара Пятра І, якая качуе па гомельскіх школах |
Аднак супраца са школамі не абмяжоўваецца правядзеннем
выставаў. У навучальныя ўстановы Гомеля “Рускі дом” перадае кнігі ў межах
расейскай дзяржпраграмы “Развіццё адукацыі”. І гэты пры тым, што беларускія
выдавецтвы, якія выдавалі кнігі на беларускай мове, закрытыя. З гомельскіх
кнігарняў прыбрылі кнігі выдавецтва “Янушкевіч”.
Сярод некамерцыйных устаноў, якія знаходзяцца ў працэсе
ліквідацыі, – установа “Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ”. Арганізацыя
будавала сваю дзейнасць у межах наступных прыярытэтаў: прасоўванне дэмакратыі і
правоў чалавека, моладзевая нефармальная адукацыя, гендэрная роўнасць,
зялёная эканоміка – будучыня Беларусі. Арганізацыя дзейнічала з 2013 года і
паўстала на базе грамадзянскай ініцыятывы “Гомельскі Дэмакратычны Форум”. ГДФ
праводзіў конкурсы гарадскіх праектаў для гамяльчан, арганізоўваў школы лідараў,
лекцыі і сустрэчы з вядомымі грамадскімі дзеячамі і інтэлектуаламі, ладзіў
праект грамадскіх дыскускій у фармаце “Гарадскія сходы ГДФ”, дзе абмяркоўваліся
актуальныя для горада праблемы і шукаліся шляхі іх вырашэння. І гэты няпоўны
спіс актыўнасцяў.
А цяпер глядзім, што робіць “Рускі дом” у Гомелі? На
старонцы РЦНК пазначана, што гэта пляцоўка для адкрытых лекцый, тэматычных
сустрэч і клубаў па інтарэсах. А яшчэ апошнім часам “Рускі дом” у Гомелі
актыўна піарыць сярод гомельцаў праграму “Рассупрацоўніцтва” “Новае
пакаленне”. Праграма скіраваная на актыўную моладзь 25-35 год. У межах праграмы
цалкам аплочваецца кароткатэрміновы візіт у Расею для маладых гамяльчан.
Паводле РЦНК, больш за 250 маладых гомельцаў наведалі Расію ў межах
згаданай праграмы. А для гомельцаў 14-19 год “Рускі дом” арганізоўвае
летнік “Здравствуй, Россія”
У сакавіку 2022 года ў Гомелі затрымалі з палітычных
прычынаў арганізатара турыстычных паходаў Ігара Галушку. Не прайшло і трох месяцаў, а “Рускі дом” у
супрацоўніцтве з Гомельскім аддзелам Беларускага геаграфічнага таварыства
праводзіць паход па Палессі. Дарэчы, у абвестцы пра пешы паход узгадваецца той
самы арыштаваны турыст Ігар Галушка. У прыватнасці: “Во время похода мы
посетим: (…) официальную" высшую точку Гомельской области (по данным
энциклопедии "Природа Беларуси", правильность определения поставлена
под сомнение туристами М.Радиончиком и И.Голушко)”.
![]() |
Скрыншот той самай абвесткі, напісанай пасля арышту аўтарытэтнага турыста Ігара Галушкі |
“Рускі дом” пускаюць паўсюль: у школы, ліцэі, дзіцячыя
сады і ўніверсітэты. Толькі за апошнія паўгода мерапрыемствы ў супрацы з
“Рускім домам” правялі каля 10 школ, адзін дзіцячы садок, ліцэй МНС і
ліцэй будаўнікоў, дзіцячая мастацкая школа, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт,
БелДУТ. І гэта пры тым, што Вярхоўны суд ліквідаваў найстарэйшую арганізацыю
Беларусі, якая была заснаваная 100 год таму, – Таварыства беларускай школы.
Мінгарвыканкам ліквідаваў установу развіцця беларускай мовы і культуры “Мова
Нанова”, якая таксама праводзіла заняткі па вывучэнні беларускай мовы
па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Гомелі. То бок, ліквідуюцца беларускія
грамадскія арганізацыі, на месца якіх прыходзіць “Рассупрацоўніцтва”.
Штодзень
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
Комментарии
Отправить комментарий