“Жанчыны ў штанах трапляюць у пекла”

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien   

Як змянілася жыццё вядомага трэвел-фатографа Юрыя Бірукова пасля 2020 года? Ці “забілі” смартфоны мастацтва фатаграфіі? Як замежным вандроўнікам працаваць у аўтарытарных краінах? Чаму блогер Варламаў канцэнтруецца на негатыве, а перадача “Орел и Решка” -- падробка? Пра гэта і іншае чытайце ў гутарцы “Штодня” з Юрыем Біруковым.

Юрый Бірукоў падчас аднаго са сваіх падарожжаў


Штодзень: Як вашае жыццё змянілася пасля 2020 года?

Юрый Бірукоў: Канешне, абыякавым мяне той год не пакінуў. Жыццё змянілася на “да” і “пасля”. Многія сябры з’ехалі за мяжу. Жарсці, здаецца, трошкі суцішыліся, але трывога адчуваецца дагэтуль. На творчасці тыя падзеі ніяк не адлюстравалася, але жыццё, як і ва ўсіх беларусаў, сапраўды змянілася.

Штодзень: Вы гаворыце, што не адбіліся падзеі 2020 года на творчасці, але многія калегі, літаратары і мастакі з’ехалі з Беларусі, сказалі, што не могуць у атмасферы страха і тэрору працаваць. Для вас гэта актуальна?

Юрый Бірукоў: Пасля жніўня 2020 года я некалькі месяцаў не мог нічога апрацоўваць, выкладаць нейкія фотаздымкі з падарожжаў -- настолькі было моцным адчуванне, што гэта лішняе на той момант. Але не мог я пастаянна знаходзіцца ў стане дэпрэсіі, таму я намагаўся ўзняць сабе настрой сваімі фотаздымкамі, у пэўным сэнсе гэта была псіхатэрапія. Я сяджу і гляджу на свае паездкі, у якіх я быў, мару, апрацоўваю свае старыя здымкі... Усё гэта напаўняе мяне сілай і энергіяй.

Я за 14 год працы фатографам наздымаў вельмі шмат, таму заўжды ёсць чым займацца. Яшчэ я вяду фоташколу для пачаткоўцаў. Таксама раз-пораз камерцыйныя здымкі здараюцца, таму праца ёсць. І большая частка часу ідзе на гэта.

Мая фоташкола працуе каля 14 год. Я магу смела сказаць, што большасць вядомых гомельскіх камерцыйных фатографаў вучыліся ў мяне. Мэты ў людзей розныя: хтосьці здымае сям’ю і прыроду, нехта паспяховыя кар’еры зрабіў. Многія раз’ехаліся па ўсім свеце: хтосьці ў ЕЗ, хтосьці ў ЗША. Нехта ў рэкламнай фатаграфіі зарабляе, хтосьці вяселлі здымае, хтосьці ў фэшн-індустрыі. Цяпер адчуваецца, што пайшоў на спад інтарэс да фатаграфавання. Нават 6 гадоў таму складвалася ўражанне, што гэта, напэўна, самае распаўсюджанае захапленне сярод моладзі, а цяпер фатаграфіяй куды менш цікавяцца. Адпаведна, у маёй фоташколе менш людзей.

З сябрамі-папуасамі на фестывалі папускіх культур у даліне Баліем



Штодзень: А чым абумоўленае падзенне цікавасці да фота? Няўжо смартфоны “забілі” мастацтва фатаграфіі?

Юрый Бірукоў: Прычыны ранейшай папулярнасці фатаграфіі былі ў тым, што фатаграфаванне было самым даступным спосабам творчасці. Гэта ж не карціну пісаць месяцамі. Сфатаграфаваў, апрацаваў і атрымліваеш задавальненне ад творчасці... Потым гламурная культура прыйшла, калі ўсе захацелі быць фатографамі і мадэлямі. Відаць, усё разам паўплывала. Цяпер жа насамрэч шмат якасных тэлефонаў з фільтрамі. Я спрабую данесці меркаванне, што на тэлефон не атрымаецца зняць добрыя фота. Але ў многіх складваецца адваротнае ўражанне. Таксама новае пакаленне -- гэта людзі інтэрнэту, якія набываюць і праходзяць навучальныя анлайн-курсы фатаграфавання. Мне таксама прапаноўвалі арганізаваць паўнавартасныя анлайн-курсы і прадаваць іх у выглядзе ўрокаў, але мне не зусім зразумела, як у рэальнасці праводзіць практычныя заняткі, даваць хатнія заданні. Калі ёсць асабісты кантакт, калі ты жыўцом можаш нешта падказаць, гэта адна справа...У афлайне ты на практыцы можаш паказаць, як выправіць тую ці іншую памылку. Але, тым не менш, я ўсведамляю, што анлайн -- гэта будучыня, ад якой нікуды не падзенешся. І да гэтага трэба проста адаптавацца. 

 

Ля жэрала дзейнага вулкана Эрта Але ва ўпадзіне Данак


Штодзень: Што вы думаеце наконт тэзіса, што заставацца нармальным людзям у Беларусі нельга, бо ўсё, што б мы не рабілі, умацоўвае сістэму?

Юрый Бірукоў: Я ніколі не працаваў на дзяржпрадпрыемствах, дзе маглі вымову вынесці ці прымусіць нешта рабіць, чаго я не хацеў. Я заўжды працаваў на сябе, быў на дыстанцыі ад сістэмы... Адзінае, што жонку забіралі, цёшча сядзіць за “прымяненне гвалту” ў дачыненні да міліцыянта... Не ведаю. Ёсць два пункты гледжання. Адныя гавораць, што трэба з’язджаць. Не буду прыхоўваць, што мы самі думалі пра тое, што, можа быць, варта з’ехаць кудысьці на нейкі час. Але не так проста ўсё кінуць, сарвацца і з’ехаць у невядомасць. З іншага боку, калі ўсе з’едуць, што будзе тады?


Юрый падпрацоўвае рыкшай на Мадагаскары (фота І. Чарняўскай)


Штодзень: Наколькі камфортна вам жыць сярод беларусаў? Ці не адчуваеце сябе “іншародным целам”?

Юрый Бірукоў: Я б сказаў, што падтрымкі многа ад людзей і гэта вельмі прыемна. Мы адчуваем, што нас атачае большасць людзей, якія нас падтрымліваюць і перажываюць. Хаця ёсць, вядома, і сярод сваякоў людзі, якія не разумеюць нейкай там грамадзянскай актыўнасці, але большасць людзей хоча дапамагчы.

Штодзень: Калі вы падарожнічалі па свеце, таксама наведвалі праблемныя краіны. Ці назіралі, што людзі, якія жывуць, скажам, у краінах Афрыкі, Азіі таксама жывуць у рэпрэсіўнай рэчаіснасці?

Юрый Бірукоў: Канешне, калі падарожнічаеш па іншай краіне, ты трошкі дыстанцуешся ад той рэальнасці, у якой жывуць людзі. Ты ім спачуваеш, разумееш праблемы. У Іране, напрыклад, заўжды адчувалася спецыфічнае стаўленне да жаночага адзення (жанчыны ў штанах трапляюць у пекла). І мы бачылі, як іранкі, калі перасякалі мяжу з Іранам,у Азербайджане з радасцю зрывалі хусткі з галавы і на іх тварах чыталася радасць ад свабоды. У Баку мы бачылі, калі яны хадзілі свабодна, спявалі песні і з боку гэта было добра чыталася.

У Зімбабвэ я не адчуваў наўпрост, што людзей прыгнятаюць, але, калі чытаў гісторыю пра гіперінфляцыю, пра купюры ў сто мільярдаў тамтэйшых долараў, разумеў, што людзі прайшлі многа выпрабаванняў. І калі дыктатар Мугабэ сышоў, гэта здарылася ўжо пасля маёй паездкі, я бачыў па ТВ, як уся краіна радавалася, запускала феерверкі і гэтак далей.

 


Штодзень: Калі вы кантактавалі з людзьмі з аўтарытарных краін, ці адчуваўся страх у камунікацыі?

Юрый Бірукоў: У такіх краінах пажадана турыстам не размаўляць пра палітыку. У турыстаў нават менш правоў, чым у мясцовых жыхароў. Мы, канешне, намагаліся, як правіла, не размаўляць на небяспечныя тэмы, але часам людзі адкрываюцца. Усё роўна, як я заўважыў, у такіх краінах ёсць большасць, якая прагне пераменаў, але ёсць і меншасць, якая агрэсіўна абараняе дэспатыю. У Іране, напрыклад, мы аднойчы сутыкнуліся з такой сітуацыяй, калі на аўтазапраўцы нашыя дзяўчыны забыліся накінуць хусцінкі на галовы. Дык адзін мужык здалёк пачаў на іх адрас вельмі агрэсіўна крычаць, каб яны тэрмінова надзелі хусткі. Здаецца, якая табе справа, асабліва калі гаворка ідзе пра замежных грамадзянак. Але ўсё роўна такія трапляюцца, якія намагаюцца сябе праявіць.

Штодзень: Цяпер вельмі папулярны такі жанр, як відэаблогі, якія распавядаюць пра экзатычныя і недаступныя мясціны на планеце. Асобныя блогеры, кшталту расейца Варламава, калі распавядаюць, напрыклад, пра Афганістан шукаюць найгоршыя моманты жыцця ў гэтай краіне: гвалт над кабетамі, наркаманія, ваеншчына і гэтак далей. Ёсць іншы падыход, калі блогеры імкнуцца знайсці нешта прыгожае нават у пякельных месцах. Так працуе беларус Лёня Пашкоўскі, ён факусуецца на прыгожым. На вашую думку, на што найперш трэба звяртаць увагу, ці атрымліваецца ў гэтых блогераў паказваць жыццё такім, якім яно ёсць?

Юрый Бірукоў: Я ўзгадваю яшчэ гадоў 20 таму, як адзін фотарэдактар мне казаў: “Юра, ты, у адрозненне ад многіх фатографаў, якія скажаюць рэальнасць, паказваеш прыгажосць...” Я сапраўды спрабую фатаграфаваць прыгожыя мясціны і адметных людзей падчас сваіх падарожжаў. Праўда, калі я бачу бяздомных, якія корпаюцца ў сметніках, часам таксама гэта фатаграфую. Відаць, такая сутнасць сучаснай журналістыкі, каб паказаць гнойнае месца, непрыгожае, каб зачапіць абывацеля. Вельмі часта гэта зводзіцца да дэманстрацыі негатыўнага ў кожнай краіне. Я ўсё-такі з тых, хто верыць, што прыгажосць выратуе свет. Я здымаю абодва бакі рэчаіснасці. Вялікі фатограф Анры Брэсон, гуру ўсіх рэпартажных фатографаў, вельмі шмат падарожнічаў. Ён некалі сказаў цудоўную фразу: “Фотаапарат для фатографа -- гэта як запісная кніжка, у якой запісваюць свае ўражанні..”

Ноч у гарах Арменіі


Я думаю, што ў кожнага фатографа ёсць свае мэты і свае задачы. Яны маюць свой сэнс. Тыя, хто здымаюць сюжэты пра праблемы, робяць вялікую справу. Бо хто даведаецца пра праблемы жанчын у Іране, калі пра іх не распавядаць? Мне бліжэй падыход, пры якім я не бяру сваёй мэтай паказваць толькі негатыў. Мне многа разоў гаварылі, што ў маіх фотаздымках многа прыгожых пейзажаў, прыгожых мясцінаў і прыгожых людзей. Можна знайсці прыгажосць сярод тых, хто жыве пад мостам у Індыі. Ёсць штосьці вышэй за палітыку і сацыяльныя праблемы. Нейкая боская прысутнасць у кожным чалавеку. Калі мне ўдаецца гэта паказаць, то я адчуваю, што мая місія выкананая. Мне не хочацца ісці па шляху разбурэння рэальнасці і выяўлення толькі цёмных плямінаў у свеце, хаця ў гэтым часта заключаецца работа рэпарцёра.

 


Лёня Пашкоўскі -- вельмі таленавіты, але ў мяне складвалася ўражанне, што ён усё ж шукае знайсці нейкую сенсацыю, нейкі негатыў, фішку, звязаную з тэмай секса і страху. І хто гэтую тэму эксплуатуе, той можа зачапіць гледача. Пейзажы не так кранаюць, як гвалт і страх. У трэвел-журналістыцы ёсць розныя шляхі да поспеху. Гадоў дваццаць я думаў, што трэба ісці за трэндамі, а цяпер зразумеў, што варта рабіць тое, што табе падабаецца, быць самім сабой, бачыць свет такім, якім ты яго бачыш, паказваць тое, што табе хочацца паказаць. Кожны з нас фатаграфіямі здымае самога сябе, таму што любы з нас падымае фотаапарат тады, калі яго нешта чапляе, значыць, мы здымаем свае адлюстраванні. Я паважаю людзей, якія ўмеюць падаць матэрыял цікава. Таму Лёня Пашкоўскі ўсё ж малайчына. Я хацеў бы ўзяць з сабой відэааператара, напрыклад, і рабіць фільмы з падарожжаў. Таму што, калі я бачу выпускі праграмы “Орел и Решка”, то разумею, што ў нас намнога цікавей усё адбываецца. У гэтай перадачы многа хлусні і пастановак, выпускі здымае цэлая каманда пасля працяглай падрыхтоўкі. З перадач такога плану мне падабаецца “Мир наизнанку” ўкраінскага блогера Дзмітрыя Камарова. Ён паказвае не толькі негатыў, не ходзіць выключна па гламурных месцах і пляжах. Ён можа залезці ў самае пекла, бярэ, напрыклад, інтэрв’ю з наркабаронам, але пры гэтым паказвае прыгожы карнавал ці фестываль. Гэта для мяне сапраўдная трэвел-перадача, а ўсе астатнія перадачы толькі да гэтага набліжаюцца.

Штодзень
Фотаздымкі з архіву Юрыя Бірукова

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien   

 

 

 

 

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога