Зябраўка пад расейскім кантролем. Мясцовы жыхар: “Гэта ўсё падобна на страшны сон”
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
Паводле інфармацыі ўкраінскага Генштаба, Беларусь перадала пад поўны кантроль РФ вайсковы аэрадром Зябраўка, што каля Гомеля. “Штодзень” паразмаўляў з жыхаром Зябраўкі Іванам З. (імя змененае ў мэтах бяспекі) пра тое, як цяпер жывецца ва ўмовах акупацыі.
Штодзень: Ці кантактуюць расейскія вайскоўцы з мясцовым насельніцтвам?
Іван: Кантактуюць. У Зябраўцы ж шмат былых вайскоўцаў-адстаўнікоў (да 1994 года
знаходзіўся авіяполк, які падпарадкоўвася наўпрост Маскве – заўв. рэд.). Як
паводзілі сябе расейскія вайскоўцы? Ну, я не чуў, каб кагосьці згвалцілі ці
пакрыўдзілі. Бо там жа адмысловы кантынгент знаходзіцца.
Штодзень: Як ставіцца мясцовае насельніцтва да
расійскіх войск?
Іван: Моладзь уся супраць. Лічыць іх акупантамі. Майго ўзросту (сярэдняга) –
па-рознаму. Хтосьці добра ставіцца. Але я асабіста лічу расейцаў акупантамі. У
2020 Лукашэнка, зразумела, незаконна ўтрымаў уладу. І тое, што ён расейцаў
пусціў, ён проста здае суверэнітэт Беларусі. І расейскія войскі -- гэта
акупанты, проста гэта такая мяккая акупацыя.
Даведка. Зябраўка
– вёска ў Гомельскім раёне ў 25 км ад Гомеля. Ад украінскай Дабранкі населены
пункт знаходзіцца ў 33 км. На
тэрыторыі вёскі ў 1954-1994 гг функцыянавала вайсковая авіябаза. У 1980-х тут
навучалі кантынгент з Сірыі, Ірака і Лівіі. Былы ваенны гарадок з’яўляўся адным
з найбуйнейшых вайсковых гарнізонаў. Тут дыслакаваўся 290-ы Асобны дальны
разведвальны авіяцыйны полк 46-й смаленскай паветранай арміі ВГК. Аднак у 1994 годзе частка цалкам
перадыслакавалася ў Расею. Аднак некаторыя адстаўнікі так і засталіся жыць у
Зябраўцы.
Гэта бадай адзінае, што заставалася ад калісьці сакрэтнага аэрадрома Зябраўка |
Штодзень: А жыхары Зябраўкі разумеюць, што здаецца
суверэнітэт? Ці баяцца размаўляць на такія тэмы?
Іван: Баяцца. Нават тыя, хто быў супраць Лукашэнкі, праз страх змянілі сваё
меркаванне і сталі ўжо гаварыць, што не хочуць Ціханоўскую, бо не хочуць з
палякамі жыць.
Штодзень: Калі сталі вядомыя факты пра Ірпень і
Бучу, то якая рэакцыя была ў жыхароў Зябраўкі?
Іван: Магу сказаць пра сваю сям’ю: мы былі
абураныя. А што датычыць насельніцтва Зябраўкі, то расейская прапаганда на іх
уплывае. Таму і гаварылі, што гэта ўсё фота- і відэамантаж. Некаторыя нават
казалі, што ў жыхароў Ірпені і Бучы былі белыя стужкі і яны нібыта за расейцаў
былі, таму іх украінцы расстралялі. Карацей, цемрадзь.
Штодзень: Генштаб Украіны заявіў, што Зябраўка
перайшла пад поўны кантроль Расеі.
Іван: Што яны маюць на
ўвазе, што пад поўны кантроль? Там і так было столькі вайскоўцаў і столькі
тэхнікі, што ні пра што іншае можна было і не разважаць.
Штодзень: Дзе жывуць расейскія вайскоўцы?
Іван: Яны жывуць у палатках. Будынкаў там ніякіх ужо няма. Калі што, то ім
давядзецца ўсё будаваць нанова. Калісьці, за савецкімі часамі, там была вялікая
інфраструктура: дыспетчарская вышка, майстэрні для рамонту самалётаў. Усе
будынкі былі. Потым трагедыя адбылася: двух юнакоў заваліла плітамі. Пасля
гэтага было вырашана ўсе будынкі ўзарваць. І мясцовае насельніцтва потым
расцягнула ўсё гэта на цэглу. Засталіся толькі дарогі, рулёжкі (рулёжная
дарожка – частка лётнага поля аэрадрома, якая спалучае паміж сабой элементы
лётнага поля – заўв. рэд.).
Штодзень: Гэта там, дзе спаборніцтвы па Drag
Racing-у праходзілі?
Іван: Так, менавіта там. Самае цікавае, там, дзе цяпер паставілі С-400, пакінулі
аэраклуб ДОСААФ. Нават экскурсіі туды робяць. Падаецца, рэжымны аб’ект, але
туды водзяць школьнікаў. Відаць, каб патрыятызм моладзі падымаць. А ўвогуле
ўсё, што адбываецца, падобна на страшэнны сон.
Спаборніцтвы па Drag Racing-у ў Зябраўцы, фота: група зябровк@ Drag-racing |
Штодзень: Калі будзе далей так працягвацца, то як
насельніцтва будзе рэагаваць? Ці ёсць разуменне, што Зябраўка становіцца
легітымнай вайсковай мэтай?
Іван: Я думаю, што такога разумення няма. Часам мне нават аднавяскоўцы гаварылі,
што яны за расейцаў і што мы па розныя бакі барыкад.
Штодзень? Ці была заўважная прысутнасць расійскіх
войск да пачатку вайны?
Іван: Нават людзі, якія за расейцаў, са здзіўленнем гаварылі, што войск многа, і
распавядалі, што Іскандеры бачылі. Я асабіста бачыў ТОС (цяжкую агнямётную
сістэму) “Санцапёк”, вельмі шмат бачыў цяжкай артылерыі гусенічнай, шмат
танкаў, самаходак. ТОС перавозіліі з такімі разлікамі: ідзе два цягача, танк ,
ТОС, баявая машына пехоты. Гэта была самая першая партыя. Потым, калі яны
вярталіся з Украіны, то бачна было, што цягнулі ўсялякае хлам’ё, матрасы, шмоткі,
нават будкі нейкія сабачыя. І было бачна, што вайскоўцы злыя.
А другая партыя – гэта ўжо былі ракетчыкі. Яны ўсталявалі комплекс С-400. Другая партыя прыехала дзесьці ў другой палове сакавіка. І прыгналі таксама беларускіх вайскоўцаў. Беларусы прыехалі на сваіх танках на Т-72. Яны іх у лесе замаскавалі. Беларускія тэрміноўшчыкі жывуць у намётах.
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
Штодзень
Комментарии
Отправить комментарий