Зябраўка пад расейскім кантролем. Мясцовы жыхар: “Гэта ўсё падобна на страшны сон”

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien   

Паводле інфармацыі ўкраінскага Генштаба, Беларусь перадала пад поўны кантроль РФ вайсковы аэрадром Зябраўка, што каля Гомеля. “Штодзень” паразмаўляў з жыхаром Зябраўкі Іванам З. (імя змененае ў мэтах бяспекі) пра тое, як цяпер жывецца ва ўмовах акупацыі.

Так выглядаў былы вайсковы аэрадром Зябраўка 8 год таму

Штодзень: Ці кантактуюць расейскія вайскоўцы з мясцовым насельніцтвам?

Іван: Кантактуюць. У Зябраўцы ж шмат былых вайскоўцаў-адстаўнікоў (да 1994 года знаходзіўся авіяполк, які падпарадкоўвася наўпрост Маскве – заўв. рэд.). Як паводзілі сябе расейскія вайскоўцы? Ну, я не чуў, каб кагосьці згвалцілі ці пакрыўдзілі. Бо там жа адмысловы кантынгент знаходзіцца.

Штодзень: Як ставіцца мясцовае насельніцтва да расійскіх войск?

Іван: Моладзь уся супраць. Лічыць іх акупантамі. Майго ўзросту (сярэдняга) – па-рознаму. Хтосьці добра ставіцца. Але я асабіста лічу расейцаў акупантамі. У 2020 Лукашэнка, зразумела, незаконна ўтрымаў уладу. І тое, што ён расейцаў пусціў, ён проста здае суверэнітэт Беларусі. І расейскія войскі -- гэта акупанты, проста гэта такая мяккая акупацыя.

Даведка. Зябраўка – вёска ў Гомельскім раёне ў 25 км ад Гомеля. Ад украінскай Дабранкі населены пункт знаходзіцца ў 33 км. На тэрыторыі вёскі ў 1954-1994 гг функцыянавала вайсковая авіябаза. У 1980-х тут навучалі кантынгент з Сірыі, Ірака і Лівіі. Былы ваенны гарадок з’яўляўся адным з найбуйнейшых вайсковых гарнізонаў. Тут дыслакаваўся 290-ы Асобны дальны разведвальны авіяцыйны полк 46-й смаленскай паветранай арміі ВГК. Аднак у 1994 годзе частка цалкам перадыслакавалася ў Расею. Аднак некаторыя адстаўнікі так і засталіся жыць у Зябраўцы. 

Гэта бадай адзінае, што заставалася ад калісьці сакрэтнага аэрадрома Зябраўка

Штодзень: А жыхары Зябраўкі разумеюць, што здаецца суверэнітэт? Ці баяцца размаўляць на такія тэмы?

Іван: Баяцца. Нават тыя, хто быў супраць Лукашэнкі, праз страх змянілі сваё меркаванне і сталі ўжо гаварыць, што не хочуць Ціханоўскую, бо не хочуць з палякамі жыць.

Штодзень: Калі сталі вядомыя факты пра Ірпень і Бучу, то якая рэакцыя была ў жыхароў Зябраўкі?

Іван: Магу сказаць пра сваю сям’ю:  мы былі абураныя. А што датычыць насельніцтва Зябраўкі, то расейская прапаганда на іх уплывае. Таму і гаварылі, што гэта ўсё фота- і відэамантаж. Некаторыя нават казалі, што ў жыхароў Ірпені і Бучы былі белыя стужкі і яны нібыта за расейцаў былі, таму іх украінцы расстралялі. Карацей, цемрадзь. 

Штодзень: Генштаб Украіны заявіў, што Зябраўка перайшла пад поўны кантроль Расеі.

Іван: Што яны маюць на ўвазе, што пад поўны кантроль? Там і так было столькі вайскоўцаў і столькі тэхнікі, што ні пра што іншае можна было і не разважаць.

Штодзень: Дзе жывуць расейскія вайскоўцы?

Іван: Яны жывуць у палатках. Будынкаў там ніякіх ужо няма. Калі што, то ім давядзецца ўсё будаваць нанова. Калісьці, за савецкімі часамі, там была вялікая інфраструктура: дыспетчарская вышка, майстэрні для рамонту самалётаў. Усе будынкі былі. Потым трагедыя адбылася: двух юнакоў заваліла плітамі. Пасля гэтага было вырашана ўсе будынкі ўзарваць. І мясцовае насельніцтва потым расцягнула ўсё гэта на цэглу. Засталіся толькі дарогі, рулёжкі (рулёжная дарожка – частка лётнага поля аэрадрома, якая спалучае паміж сабой элементы лётнага поля – заўв. рэд.).

Штодзень: Гэта там, дзе спаборніцтвы па Drag Racing-у праходзілі?

Іван: Так, менавіта там. Самае цікавае, там, дзе цяпер паставілі С-400, пакінулі аэраклуб ДОСААФ. Нават экскурсіі туды робяць. Падаецца, рэжымны аб’ект, але туды водзяць школьнікаў. Відаць, каб патрыятызм моладзі падымаць. А ўвогуле ўсё, што адбываецца, падобна на страшэнны сон. 

Спаборніцтвы па Drag Racing-у ў Зябраўцы, фота: група зябровк@ Drag-racing

Штодзень: Калі будзе далей так працягвацца, то як насельніцтва будзе рэагаваць? Ці ёсць разуменне, што Зябраўка становіцца легітымнай вайсковай мэтай?

Іван: Я думаю, што такога разумення няма. Часам мне нават аднавяскоўцы гаварылі, што яны за расейцаў і што мы па розныя бакі барыкад.

Штодзень? Ці была заўважная прысутнасць расійскіх войск да пачатку вайны?

Іван: Нават людзі, якія за расейцаў, са здзіўленнем гаварылі, што войск многа, і распавядалі, што Іскандеры бачылі. Я асабіста бачыў ТОС (цяжкую агнямётную сістэму) “Санцапёк”, вельмі шмат бачыў цяжкай артылерыі гусенічнай, шмат танкаў, самаходак. ТОС перавозіліі з такімі разлікамі: ідзе два цягача, танк , ТОС, баявая машына пехоты. Гэта была самая першая партыя. Потым, калі яны вярталіся з Украіны, то бачна было, што цягнулі ўсялякае хлам’ё, матрасы, шмоткі, нават будкі нейкія сабачыя. І было бачна, што вайскоўцы злыя.

А другая партыя – гэта ўжо былі ракетчыкі. Яны ўсталявалі комплекс  С-400. Другая партыя прыехала дзесьці ў другой палове сакавіка. І прыгналі таксама беларускіх вайскоўцаў. Беларусы прыехалі на сваіх танках на Т-72. Яны іх у лесе замаскавалі. Беларускія тэрміноўшчыкі жывуць у намётах.

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien 

Штодзень

 


Комментарии

Популярные сообщения из этого блога