"Мне б вельмі хацелася вярнуцца ва Украіну". Паэт Алесь Плотка распавядае пра сваю эвакуацыю з Украіны і беларуска-ўкраінскія разборкі
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
![]() |
Алесь, ты стаў багата публікаваць вершаў у апошні час. Ці
можна сказаць, што драматычныя падзеі, якія адбываюцца ў нашай частцы планеты,
стымулююць творчасць?
Ну, не так багата вершаў напісаў насамрэч... Трошкі
з’явілася новых вершаў, бо былі падзеі вельмі ўзрушлівыя, якія кранулі сэрца
бадай кожнага беларуса. Не магу сказаць, што паток прама вершаў, але нешта
пішацца. Безумоўна, адбываюцца падзеі, якія ўплываюць на творчасць. Гэта ўсё
ўзрушвае цябе, адразу нейкія ваенныя метафары ўзнікаюць. Гэта проста выбухі
свядомасці і эмоцыі. З Настай Кудасавай, якая неяк гаварыла, што цяпер час для
напісання вершаў, я магу пагадзіцца. Насуперак усяму трэшу, багата для каго з
творчых людзей у такі цяжкі час ёсць магчымасць сябе рэалізаваць. Можа, гэта
для нас своеасаблівая тэрапія. Творчым людзям, магчыма, трошкі прасцей: напісаў
карціну, стварыў верш і становіцца лягчэй.
Вершы з украінскага цыклу пішуцца. Калісьці яны
апублікуюцца. Акрамя паэзіі, я перакладаю на беларускую мову кнігу Аляксандра
Чарнухі “Свінні”. Спадзяюся ў гэтым годзе скончыць. Нам дужа хочацца, каб кніга
была на роднай мове. Там багата спецыфічных клішэ постсавецкіх рэалій. Гэта
такая едкая сатыра. Падобных кніг у нашай літаратуры мала.
Пра апошні верш, прысвечаны “Брэсту” (адзін з камбатаў
добраахвотніцкага батальёна імя К. Каліноўскаа) і яго пабрацімам, можаш
распавесці?
Я асабіста не ведаў беларускіх ваяроў, якія загінулі пад
Лісічанскам. Бачна, што гэта людзі звычайныя, не нейкія там
актывісты-паэты-творцы. Навіна пра смерць “Брэста” мяне ўразіла, бо ён быў
такім мужным і заўважным хлопцам з шыкоўнай барадой. Дагэтуль невядома
дакладна, хто з ім яшчэ загінуў. Я напісаў верш з агульнай фармулёўкай “Брэсту
і яго пабрацімам”. Хай іх сваякі і сябры не крыўдуюць. Пазыўны “Брэст” асобна
вылучыў, бо ён усё ж быў камандзірам. І гэта вельмі сімвалічна, паколькі гэты
чалавек быў тварам каліноўцаў. Сапраўдны вікінг. Для любога калектыва
страта лідара -- гэта ўдар. Тым больш, для жаўнераў на перадавой.
![]() |
У якім горадзе ты сустрэў вайну?
Я сустрэў вайну ў Кіеве, дзе жыў некалькі апошніх гадоў. Мы
ўсе трошкі рыхтаваліся да вайны, але насамрэч ніхто не можа
падрыхтавацца добра да ўсяго гэтага. Нават калі ты маеш нейкі план, ён усё
роўна не спрацуе. Першыя дні вайны маюць гіпнатычны эфект, усё выглядае
несапраўдным. Гэта пэўны хаос, бо цяжка рухацца з месца, не ведаеш, што рабіць.
Не разумееш, ці трэба выехаць на нейкі час... Не ведаеш, дзе хавацца. Мы
выехалі ў Львоў у першыя дні вайны. Неяк ранкам пазванілі сябры, параілі хутка
выязджаць. Я ім удзячны, бо сам, хоць дарослы чалавек, не мог наважыцца на такі
крок. Дзякуй тым, хто “за лакаток” нас узяў і вывез.
Колькі працягвалі знаходзіцца ва Украіне?
Ад пачатку вайны мы яшчэ некалькі месяцаў працягвалі жыць ва
Украіне. Не ведаю, як апісаць экспірыенс свой. Дужа спецыфічна ўсё было.
Прынамсі, у пачатку выглядала гэта нерэальна, было цяжка паверыць, што ўсё гэта
адбываецца. Плошча перад вакзалам забітая намёнамі, едуць натоўпамі замежныя
журналісты... Гэта нейкае трагічнае кіно.
Мы ехалі з Кіева на эвакуацыйным бусе, які мне давялося
каардынаваць, бо не было квіткоў на грамдскі транпарт. Як гэта ўсё выглядала?
Прыходзіш на чыгуначны вакзал, а там усе стаяць з адным запытам: “Мне любы
квіток на Захад”. А касіркі адказваюць, што ўвогуле ніякіх квіткоў няма... І
тут табе пішуць раптам калегі з Free Belarus Center: “У нас будзе аўтобус.
Паедзеце? Ну, тады скаардынуйце заадно 45 чалавек”. Мама дарагая! Гэта ў мірны
час 45 чалавек загрузіць у аўтобус, каб ніхто не згубіўся, -- яшчэ тая задачка.
Але, дзякаваць Богу, усе неяк утапталіся. Я цяпер расказваю гэтую байку сябрам.
Ведаеце, калі едзе вялікі аўтобус, побач з вадзіцелем ёсць месца, куды нікому
нельга звычайна садзіцца. Гэтае месца для менеджара ці экскурсавода. Я,
карацей, знайшоў сябе на гэтым месцы. Стаў больш дарослым, прайшоў праз
своеасаблівую ініцыяцыю. Гэта было ў першыя дні нападу РФ, калі быў такі
хардкор. Нашай групе было вельмі цяжка, бо на мяжы стаялі кіламетровыя чэргі на
выезд. Большасць беларусаў з эвакуацыйнага аўтобуса адразу выехала ў Польшчу, а
мы яшчэ заставаліся ў Львове. Дарэчы, праз некалькі месяцаў адзін з удзельнікаў
той групы, журналіст Барыс Гарэцкі, мне сказаў: “Ведаеш, Алесь, гэта цяжкі
досвед. Але ў пэўным сэнсе ўдзячны лёсу, што мае трое дзяцей гэта ўсё пабачылі.
Для іх стане гэта досведам, каб разумець, дзе дабро і дзе зло. Цяпер яны будуць
ведаць, што такое вайна...”
Якія твае адносіны з калегамі па пісьменніцкім цэху з Украіны?
У мяне не было асабістых разборак, паколькі мае
сябры-украінцы ведаюць беларускі кантэкст. Але я разумею, што ў дадзены момант
у нас практычна няма прасторы для дыялогу. Таму нам, беларусам, лепей проста
памаўчаць. Я, калі спрабую патлумачыць украінцам нашу сітуацыю, прыгадваю
выпадак з дысідэнтам Васілём Стусам. У 1965 годзе, падчас прэм’еры фільма Сяргея
Параджанава “Цені забытых продкаў”, у кінатэатры “Украіна” дысідэнт зладзіў
акцыю пратэсту. Ён заклікаў партыйнае кіраўніцтва і жыхароў Кіева асудзіць
арышты ўкраінскай інтэлігенцыі. Але разам з ім узняліся ўсяго два-тры чалавекі,
хоць усе былі згодныя з аратарам.
Калі за рэпост у Беларусі даюць 6,5 гадоў, то цяжка чагосьці
чакаць. Я прымаю гнеў украінцаў, часам несправядлівы, як і ўсе абагульненні
(усе беларусы такія ці такія). Але беларусам варта ўсвядоміць, што ідзе вайна,
дзясяткі тысяч пахаваныя. Нехта згубіў блізкіх, якія ляжаць месяцамі пад
заваламі ў шэрай зоне. І пакуль на цябе ляцяць бомбы, ты не можаш прыняць
аргументы, якія не спыняюць бомбы. Гэта непрыемна, але трэба ўсвядоміць, што
ўкраінцы цяпер ў неадэкватным стане.
А вось параўнанне беларусаў з жыхарамі акупаванага Херсону карэктнае?
У пэўным сэнсе можна параўноўваць. Гэта не ўсім украінцам,
вядома, падабаецца. Багата ёсць развагаў у апошнія дні, што лічыць акупацыяй.
Ці не абясцэньваем мы людзей, якія жывуць ва ўмовах вайсковай акупацыі, калі
параўноваем з Беларуссю? У пэўнай меры ёсць падабенствы. Нехта з украінцаў
скажа, што гэта недарэчна, бо фізічнай акупацыі ў РБ няма. Але ёсць розныя
вызначэнні немілітарнай акупацыі, чыста навуковыя, пад якія трапляе наша
рэчаіснасць.
Але ўкраінскае грамадства не такое аднароднае, як падаецца
звонку. Вось нядаўна, калі была гісторыя з перайменаваннем вуліц, звязаных з
Беларуссю, адзін вядомы дзеяч прыводзіў у якасці контраргумента прыклад таго,
што з Херсоншчыны ляцяць таксама ракеты. Можна параўноўваць, але варта
разумець, што гэта выклікае чарговую дыскусію. Але ёсць у такіх дыскусіях і
пазітыў, бо яны нас загартоўваюць. Гэта не зусім справядліва, што на нас усіх
абрынуўся гнеў, але цяпер затое мы задумаліся, што Беларусь павінна быць для
беларусаў на першым месцы. Можна прыняць як рэальнасць, што нас перасталі
любіць. Што з гэтым зробіш! Гэта як ракеты, якія мы не можам голымі рукамі
спыніць. Дыялог зараз востры, але патрэбны. Хай абзываюць.
Калі ўся гэтая гісторыя скончыцца перамогай Украіны, ці знойдзецца там месца для людзей з беларускімі пашпартамі? Ці паедзеш ты туды калі-небудзь?
Мы не так даўно выехалі з Украіны. І я, шчыра кажучы,
сінхранізаваўся з тымі беларусамі, якія вымушана выязджалі з Беларусі ў 2020
годзе. Да вайны я быў у іншай сітуацыі. Я не быў уцекачом, бо жыў згодна плану.
Я свядома пераехаў з Чэхіі ў Кіеў, каб будаваць там сваё жыццё. А цяпер я
зразумеў тых, хто ўцякаў вымушана. Гэта іншая гісторыя. І я праз гэта праходжу.
Мне б вельмі хацелася вярнуцца ва Украіну, бо тое месца я
свядома выбраў для жыцця.
«Брэсту» і яго палеглым пабрацімам
А можа,
Нідзе?
Калі будзе вольным твой народ?
А можа,
Ніколі?
Месца для гэтых развагаў
Зусім не там, дзе ноч прагрызае дзень.
Такімі рэфлексіямі не займаюцца
У спякотным чэрвеньскім полі.
«Вылавіць героя на інтэрвію было
вельмі
складанай
задачай».
Крывавы саспенс ў звычайнай фразе з медыйнай падводкі.
Штош,
Жыццё поўнае выклікаў.
Хтанічны сарказм,
Як нагода шчэ раз абазначыць,
Што кожнаму свой.
І выклік.
І шанец.
І час
Для Харона і лодкі.
Мы з Украіны.
У нас беларускі пашпарт.
Імёны гэтыя не дадуць спакою
Ні мёртвым (ім не баліць),
Ні жывым.
Нягледзячы на выходны Яська з-пад Вільні падпіша кароткі
рапарт:
«На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім».
06.07.2022
Штодзень
Фота: з архіву Алеся Плоткі
Комментарии
Отправить комментарий