БТ зняло прапагандысцкі сюжэт пра ўкраінскіх уцекачоў, кепскіх валанцёраў і прадажных журналістаў. Навошта ім гэта патрэбна? 

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien

Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла прапагандысцкі сюжэт пра ўкраінскіх уцекачоў, якіх нібыта падманулі “экстрэмісты з незалежных СМІ” і “выкарысталі” валанцёры з мясцовага чату. Валанцёры (якія насамрэч збіралі неабходныя рэчы для ўкраінскай сям’і) выстаўляюцца ў сюжэце ледзь не махлярамі. А незалежны журналіст увогуле паказаны ледзь не самым галоўным злачынцам у гэтай сітуацыі з бежанцамі. Насамрэч незалежны журналіст, які звязаўся з бежанкай, накіраваў жанчыну ў тэматычны тг-чат, дзе ёй дапамаглі неабыякавыя жыхары Гомельшчыны. Але дзяржСМІ праўда не цікавіць. Яны, калі рыхтуюць падобныя сюжэты, пераследуюць зусім іншыя задачы. Той, каму цікава, знойдзе гэты самы сюжэт на прасторах інтэрнэту. “Штодзень” прааналізаваў відэаматэрыял з пункту гледжання прапагандысцкага ўплыву. 

Скрыншот з таго самага прапагандысцкага сюжэта


1. Супрацоўніца ДзяржТВ выкарыстала ўразлівае становішча ўкраінскіх уцекачоў, якія пакінулі сваю краіну праз вайну (людзі не маюць, відавочна, грошай, каб з’ехаць у ЕЗ і не могуць па асабістых прычынах вярнуцца дамоў). Героі сюжэта -- людзі, якія маюць цьмянае ўяўленне пра Беларусь і сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Улічваючы іх залежнае становішча, прапагандысты прадказальна дабіліся ад рэспандэнтаў некаторых выказванняў, якія дыскрэдытуюць Украіну, беларускія незалежныя СМІ і валанцёраў.

2. Адной з задачаў згаданага сюжэта з’яўляецца імкненне знішчыць давер паміж журналістамі незалежных СМІ і валанцёрскай супольнасцю. У матэрыяле ўвесь час акцэнтуецца ўвага на тым, як “прагны да сенсацыі журналюга з жоўтага СМІ” правакаваў кагосьці (цікава, каго?) на нейкія антызаконныя дзеянні. Насамрэч, калі уважліва праглядзець матэрыял, бачна, што журналіст прадэманстраваў высокі ўзровень адказнасці і эмпатыі. Размова была ветлівай, супрацоўнік незалежнага СМІ папярэджваў украінскую кабету пра магчымыя наступствы ад кантакту з ім.

Наўрад ці гераіня прапагандысцкага сюжэта ведала, колькі беларускіх журналістаў знаходзіцца цяпер праз сваю прафесійную дзейнасць за кратамі (а іх між іншым каля 30).  

 

У Беларусі каля 30 журналістаў за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць


3. Валанцёры ў матэрыяле дзяржаўнага СМІ прадстаўленыя як нейкая антыдзяржаўная сіла, якая імкнецца ўцягнуць няшчасных украінскіх бежанцаў у незаконную дзейнасць. Насамрэч, як вядома, менавіта беларускія валанцёры, якія штодня рызыкуюць трапіць пад пераслед за сваю грамадзянскую пазіцыю, дапамаглі бежанцам уладкавацца на новым месцы, знайшлі рэчы і мэблю для арганізацыі побыту, даставілі прадукты і гэтак далей. Пры іншых абставінах органы ўлады мусілі выказаць падзяку неабыякавым грамадзянам, а СМІ напісаць пра гэты ўчынак у пазітыўным рэчышчы.

4. Стваральнікі сюжэта імкнуцца рассварыць валанцёраў з бежанцамі, хочуць сфармаваць у вачах беларускага грамадства негатыўны вобраз украінскіх уцекачоў, у выніку чаго беларусы перастануць ім дапамагаць. У дадзеным выпадку ўлада засцерагаецца двух момантаў: наяўнасці непадкантрольнай ім валанцёрскай супольнасці і ўсталяванню сяброўскіх адносін паміж беларусамі і ўкраінцамі. Адпаведна, падобныя сюжэты скіраваныя на фармаванне непрыязні паміж народамі.

Пасля матэрыяла БТ першая эмацыйная рэакцыя: “А ці варта дапамагаць, калі табе не тое што “дзякуй” не скажуць, а яшчэ і бруд па дзяржаўным ТВ выл’юць”.

Пасля матэрыяла БТ першая эмацыйная рэакцыя: “А ці варта дапамагаць?"


Як рэагаваць беларусам на прапагандысцкія сюжэты, якія адбіваюць ахвоту дапамагаць?

Беларусы, якія дапамагаюць украінцам, робяць гэта не для таго, каб выглядаць у іх вачах добранькімі, а для таго, каб дапамагаць. Як той казаў, ад дабра дабра не шукаюць. Зразумела, сярод атрымальнікаў дапамогі могуць быць розныя персанажы. Але гэта ніяк не дэвальвуе каштоўнасць дапамогі. Інакш кажучы, калі мы даем міласціну жабраку, то мы гэта робім, паколькі хочам дапамагчы. А як жабрак будзе распараджацца дапамогай і што ён пры гэтым будзе рабіць -- гэта сфера яго адказнасці.

Штодзень

Фота: скрыншоты з сюжэта БТ.

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога