Што сніцца гомельцам у эміграцыі? “Штодзень” паразмаўляў пра асноўныя сюжэты сноў і разабраў іх з дапамогай псіхолага
Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien
https://www.facebook.com/sztodzien
![]() |
Гомельцы пратэстуюць супраць праўладнай акцыі прадпрыемства "Гомсельмаш" у 2020 годзе |
Вольга Павук, блогер, актывістка з Рудабелкі (Акцябрскі),
Гомельская вобл. Пасля актыўнага ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2020 г. разам з
мужам Андрэем Павуком была вымушана з’ехаць з Беларусі, цяпер жыве ў
Вільні:
Першы год як мы пераехалі — нам нічога, звязанага з падзеямі
2020-га ў Беларусі, увогуле не снілася. Але дзесьці праз год нам абодвум
пачалі сніцца вось гэтыя сюжэты — нібы мы невядома як патрапілі дадому, і
раптам разумеем — ўсё, нас назад ніхто не выпусціць, трэба хавацца. Ёсць яшчэ
адзін часты сцэнарый: я дома, за мной прыехалі, машына міліцыі ўжо ў двары і
бегчы няма куды.
Таксама быў вельмі цікавы сон, які ўразіў мяне
адчуваннем рэальнасці. Прыснілася “перамяшаная” кватэра — ці то мая ў
Акцябарскім, ці тая, дзе зараз жывем у Вільні. Я ем за сталом, і раптам
урываюцца ў дзверы “касманаўты” ў чорным, прыходзяць прапагандысцкія
журналісткі і нахабна ўсё фатаграфуюць, незважаючы на мяне. І я такая злая,
кідаюся на іх і спрабую прагнаць. А потым сапраўды, тыдні праз 2, “разбамбілі”
нашу кватэру. Я паглядзела відэа — яны так і заходзілі, з гэтымі пісталетамі,
гэта было вельмі падобна.
![]() |
![]() |
Наступствы ад "ператрусу" ў кватэры Вольгі |
Андрэй, дваровы актывіст, прадстаўнік IT-сферы, 5 месяцаў
таму пераехаў у Грузію:
У Беларусі мне ўвесь час сніўся ўсякі трэш — вось гэтая
тэматыка з губазікамі, амонамі, звязаная з імі беганіна. І адчуванні такія —
паміж жыццём і смерцю. Было вельмі страшна, прачынаўся, і радаваўся, што гэта
сон. У Грузіі такія сны мне сніцца перасталі. З пастаянных сюжэтаў беларускіх
часоў застаўся толькі адвечны жудасны сон пра былую працу на заводзе — нібыта
мяне не звольнілі і прыйдзецца тут застацца надоўга.
Яўгенія Парашчанка, праваабаронца з Гомеля; уцякла пасля ператрусу і атакі на прав.супольнасць 16 лютага, жыве ў Вільні:
Я ніводнага разу не бачыла Беларусь у сне. Так, каб
усведамляць, што гэта радзіма, куды мне нельга. Настальгія мучыць мяне на яве.
Раптам пачынаюць прыгадвацца выпадковыя месцы. Напрыклад, востра хочацца
патрапіць у краму побач з домам, хоць у ёй ніколі не было нічога адметнага. Ці
раптам — нават не хочацца, а проста памяць закідвае — у падземны пераход каля
Новага ўнівермага. Дакладна адно з найбрыдкіх месцаў горада. Але памяць
чамусьці паказвае яго ў танэлі часу, і я трапляю ў свае дваццаць з нечым гадоў
і бачу, як у пераходзе грае на акардэоне музыка, якога ўжо няма на гэтым свеце.
Але ж і мне не трапіць у пераход тых часоў — а памяць не разбірае час, яна
проста падкідвае ўспаміны. Так што настальгія абвастрае ў мяне тугу не толькі
па радзіме, але і па ўсім мінулым. І вось я назіраю, як усё маё жыццё ў Беларусі
з цяперашняга часу пераходзіць у мінулы.
![]() |
Вечаровыя акцыі салідарнасці ў Гомелі. Жнівень 2020 года |
Псіхолаг Алег Сыс:
З пункта гледжання псіхалогіі сон — гэта вельмі добры
аздараўляльны механізм псіхікі, такія бясплатныя лекі для душы і цела. Яго
галоўная мэта — сцерці балючыя эмоцыі, якія мы займелі ў сувязі з негатыўнымі
падзеямі. А вось калі балючая падзея здарылася, а сны, звязаныя з пачуццямі,
якія яна выклікала, не сняцца — з вялікай доляй верагоднасці чалавеку будзе
складана справіцца з гэтай сітуацыяй, бо па нейкім прычынам псіхіка не дапамагае.
Напрыклад, адбываліся пратэсты, за чалавекам гнаўся АМОН, пасля ён адседзеў суткі ў турме, і зараз яму ўвесь час сніцца страшны сон адпаведнага сюжэта. Здаровая псіхіка “перапрацуе” ўспамін так, каб ён перастаў хваляваць — паступова ў памяці застанецца сама падзея, але не эмоцыі, з ёй звязаныя.
Таму адносна вышэй узгаданых сюжэтаў — вярнулася ў Беларусь і не магу выехаць, “разбамбілі” кватэру, бягу ад АМОНА — гэта пра страх і трывогу за сябе і сваякоў. Таксама паказальна, калі такія сны перастаюць сніцца, як у Андрэя ў Грузіі — псіхіка дапамагла справіцца з непрыемнымі пачуццямі, напружанне прытупілася.
Глабальна не істотны нават сюжэт сна — істотная эмоцыя, якая праігрываецца. Напрыклад, не сняцца падзеі, звязаныя з Беларуссю, але ўвесь час паўтараецца сон з нападам чорнага ворана. Падаецца, і АМОНА няма, але страх такі, нібыта гэта ён гонніца следам.
Ці, напрыклад, сны адпаведна сюжэтаў не сніліся, а пасля пачалі, як у выпадку Вольгі. Проста так нічога не бывае, хутчэй за ўсё былі нейкія трыгеры, якія справакавалі трывогу — патрапілася адпаведная навіна пра кагосьці, “прыйшлі” да сяброў ці сваякоў і г.д.
Што тычыцца настальгіі, якая мучыць на яве, то гэта пра гараванне аб страце. Ёсць такое паняцце ў псіхалогіі, калі чалавек перажывае смерць блізкага, пераезд і г.д. У гаравання шмат этапаў, і адзін з іх — сум пра тое, што стала недасяжным. У выпадку Яўгеніі — гэта родныя мясціны. Успаміны пра іх — паказальнік таго, што ідзе працэс гаравання, псіхіка добра працуе і стараецца дапамагчы.
Увогуле, сон вельмі важны для псіхічнага здароўя, гэта як мінімум 50% поспеху ва ўсіх справах. Калі забяспечаны нармальны 8-гадзінны сон — лягчэй перанасіць любыя складанасці. Недахоп сна вельмі шкодны — ён правакуе псіхічныя разлады. Сярод рэкамендацый ад Нацыянальнага фонда сна ЗША, як наладзіць сон — класціся і ўставаць у адзін час, займацца фізкультурай, пазбягаць кавы і некаціна, чытаць папяровыя кнігі перад сном, і інш.
Штодзень, Яна Сноўская
Фота: з Інтэрнэту
Комментарии
Отправить комментарий