“Каб я застаўся ў Беларусі, я б ужо не жыў”. Гутарка з гомельскім рабочым, які набіў сабе на грудзях татуіроўку “Лукашэнка, сыходзь”

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien

Юрый Рубцоў падчас адной з судовых расправаў


Даведка “Штодня”

Юрый Рубцоў -- гомельскі рабочы і былы палітзняволены. У свой час ён стаў вядомы сваімі бескампраміснымі акцыямі пратэсту супраць дыктатуры. За гэта яго неаднаразова адпраўлялі за краты. Падчас адбыцця пакарання на “хіміі” ён набіў сабе татуіроўку на грудзях “Лукашэнка, сыходзь”. За гэта і іншыя прынцыповыя ўчынкі Юрыя Рубцова накіравалі ў калонію. У 2015 годзе палітвязня датэрмінова вызвалілі па рашэнні кіраўніка дзяржавы. У гэтым жа годзе ён пакінуў Беларусь. І з таго часу жыве ў нямецкім Нюрнбергу.

Юрый Рубцоў з сям'ёй у Нямеччыне. Фота: архіў палітвязня

 

Ці сачылі за тым, што адбывалася ў 2020 годзе ў Беларусі?

Я з вялікай цікавасцю сачыў за тым, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе. Хаця сэрца было за людзей, а галавой разумеў, што нічога гэта, на жаль, не дасць. Я пабыў у свой час у турме і я добра зразумеў, што супраць Лукашэнкі гэтыя мірныя дэманстрацыі да дабра не прывядуць. А калі планаваць сілавы захоп, гэта значыць падстаўляць сябе пад жорсткія рэпрэсіі і крымінальны пераслед з боку рэжыму. Гарачая моладзь думае, што можна ўсё сілай змяніць. Аднак сіла мусіць быць такой, каб адзін раз -- і да канца. Але не было ў беларусаў тады такіх настрояў. Канешне, шматтысячныя мірныя маршы натхнялі многіх людзей. Але вы ж бачыце, чым усё скончылася: больш за 1 тысячу афіцыйных палітзняволеных, а неафіцыйных -- каля 5 тысяч. Разгром апазіцыі, незалежных прафсаюзаў... Лукашэнка пайшоў у ва-банк, знішчыў усё. Я мяркую, што ён больш не будзе ўвогуле выбары праводзіць.

Якое вашае стаўленне да цяперашніх лідараў апазіцыі? Як вы ацэньваеце эфектыўнасць іх работы?

Я не магу і не хачу ацэньваць эфектыўнасць апазіцыі. Але кожны раз, калі адбываюцца няўдачы ў апазіцыі, то дэмакратычныя лідары пачынаюць шукаць вінаватых сярод сябе. Але вінаваты тут адзін. Гэта -- Лукашэнка, яго сілавыя структуры, якія дзейнічаюць эфектыўна з пункту гледжання падаўлення ўсяго апазіцыйнага і жывога. Мяне абурае крытыка ў адрас Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі. То бок, мы не можам аб’яднацца вакол аднаго цэнтра, які быў выбраны шляхам галасавання. І вось гэтая немагчымасць аб’яднання і раздрай, мяне зусім адштурхнулі ад апазіцыі. Я цяпер не стаю ні на якім баку: ані за Ціханоўскую, ані супраць. Хоць галавой разумею, што яна лідар, таму што набрала большасць галасоў. Больш легітымнага лідара ў нас няма. Усе гэтыя наезды на Ціханоўскую да дабра не прывядуць. Так, у яе не ўсё можа атрымлівацца. Але ёсць і аб’ектыўныя складанасці, якія замінаюць працаваць эфектыўна. Узгадайце канферэнцыю ў Нюрнбергу, якую праводзіў Павел Латушка. Было аграмаднае жаданне пачаць судовы працэс супраць Лукашэнкі. Менавіта тады я сказаў прысутным: “Не ўсё атрымаецца, бо ёсць многа юрыдычных момантаў”. Захад прымае рашэнні на падставе права, законаў. І вось на падставе права выканаць усе нюансы вельмі цяжка. Таму я засумняваўся, што будзе створаны міжнародны трыбунал над Лукашэнкам, што яго асудзяць. Бачыце, прайшло два гады, а ніякіх зрухаў няма. Можа, на нейкай стадыі гэта і разглядаецца, але ў адкрытым доступе інфармацыі няма.

 

Юрый Рубцоў -- сярод удзельнікаў форуму апазіцыі ў Нюрнбергу (у першым шэрагу першы справа)


Цяпер, напэўна, калі ва Украіне ідзе вайна, Захаду ўвогуле не да Беларусі...

А цяпер вайна ва Украіне, Захад імкнецца не даць Украіне пацярпець паразу. Гэта важна. Зноў Лукашэнку пашанцавала, што Пуцін напаў на Украіну. Я ўзгадваю яго словы перад пачаткам вайны. Ён прапаноўваў Украіне здацца, крычаў: “Вы з кім збіраецеся ваяваць! Супраць Расеі?!” Ён фактычна прапаноўваў Зяленскаму здацца. Цяпер стала відавочна, што ён апынуўся пад пятой Пуціна.

Ці акупаваная Беларусь?

Я б не сказаў, што гэта прамая акупацыя. Але ўскосная акупацыя, на маю думку, усё ж ёсць. Я бачыў паведамленні, што ў беларускай арміі многа афіцэраў расейскіх і з прарасейскімі настроямі. Пуцін дае Лукашэнку невялічкі калідор кіравання ў Белраусі, але астатняе кантралюе РФ.

Ці памянялася стаўленне да беларусаў у Германіі з пачаткам вайны?

Я са сваімі хваробамі мала куды выходжу. Беларускую мову тут амаль ніхто не ведае. Таму даводзіцца размаўляць па-расейску. Але, размаўляючы па-расейску, бываюць розныя гісторыі. Аднойчы, пачуўшы ў медустанове маю расейскую мову, на мяне кінуліся грамадзяне Сірыі з кулакамі. Яны з горада Алепа былі, які разбамбіла расейская авіяцыя. Калі я ім патлумачыў, што расейскамоўны -- гэта не значыць рускі, што па-расейску таксама размаўляюць грамадзяне іншых краін, яны супакоіліся. Але ў цэлым я б не сказаў, што неяк з пачаткам вайны да беларусаў памянялася стаўленне. Складана сказаць. У твар будуць усміхацца, а што скажуць за спінай -- невядома.

Немцы, канешне, цяпер рыхтуюцца да зімы без газу з Расеі. Меры прымаюць вельмі эфектыўныя і я перакананы, што Германія пражыве. Увогуле прадукты падаражалі трошкі, гэта звязана са змяненнем лагістычных ланцугоў, але ўлады Германіі выдзяляюць дадатковыя сродкі, каб кампенсаваць падаражанне. То бок такога няма, што падаражанне адбылася, а ўлады не кампенсавалі. У гэтым адрозненне ад Беларусі, дзе дапамогі ад дзяржавы не дачакаешся. Літаральна пару дзён таму жонка сказала, што нам выдзялілі 400 еўра на кампенсацыю прадуктаў. Білеты на транспарт каштуюць каля 80 еўра. Усім, хто жыве ў Германіі, гэтым летам прадавалі па 9 еўра. Не ведаю, што будзе зімой. Але простыя немцы не скардзяцца на сітуацыю і не думаюць пра тое, якія ў іх будуць праблемы.

Наколькі было цяжка прыняць рашэнне пра пераезд?

Дом, могілкі -- вось гэта цягне. Дом я сваімі рукамі будаваў, поўнасцю ад падмурка да даху. Для мяне пераезд быў ударам маральным. А калі б я застаўся там, я не думаю, што жыў бы. Мне жыцця не было б там. Я б не дажыў да 2020 года. Мяне б пасадзілі ў турму, з якой бы я не выйшаў. Татуіроўку “Лукашэнка, сыходзь” мне б не даравалі. Гэта цяпер хапаюць проста так людзей, каб іх пасадзіць, а тады трэба было дакалупацца. У аддзеле міліцыі да мяне сталі прыдзірліва ставіцца, я зразумеў, што ў мяне засталіся лічаныя месяцы свабоды. Таму ў 2015 годзе прыняў рашэнне пра ад’езд.

 

Знакамітая татуіроўка "Лукашэнка, сыходзь"


А татуіроўка ў вас тая засталася?

Я яе не зводзіў. Не буду я яе прыбіраць. Яна мне жыць не перашкаджае. Я думаю, што я не дажыву да перамогі. Усё-такі ў Лукашэнкі медыцына значна лепш, чым у звычайных людзей. Няма той сілы ў Беларусі, якая б змагла яго прыбраць. І не будзе ў бліжэйшай будучыні. Што будзе далей, не магу сказаць. Апазіцыя сварыцца, праз няўдачы перастала быць той сілай, якая можа штосьці змяніць.

Ці псіхалагічна цяжка жыць у Германіі?

Ведаеце, калі з горшага пераязджаеш у лепшае -- гэта не цяжка. Цяжка -- гэта калі з лепшага ў горшае. Германія -- не тая краіна, дзе цяжка жывецца. Гэта не Беларусь. Мая жонка першыя гады рвалася на радзіму. Калі мы ўжо атрымалі неабходныя дакументы, яна праз чатыры гады з’ездзіла ўпершыню. Калі прыехала адтуль, то сказала, што яе больш ніякімі “пернікамі” не заманіш. Так, успамінаю дом, могілкі... Але я, прынамсі, жывы, я працягваю жыць, нешта рабіць. А ў Беларусі што? Многае можна з турмы зрабіць? Вось 5 тысяч герояў сядзяць. Многа яны робяць? І я б нічога не зрабіў, каб мяне зноў пасадзілі... А колькі дзяцей цяпер знаходзіцца ў цяжкім становішчы, таму што іх бацькі ў турме?! Гэта трагедыя ўсёй краіны. Вы ўяўляеце, наколькі Лукашэнка ненавідзіць людзей, якія выступаюць супраць яго? Апазіцыю можа падтрымліваць вельмі шмат людзей, але важна разам нешта рабіць, а не толькі падтрымліваць. Разумееце, людзі ў курылцы могуць казаць рознае, але разлічваць на іх я б не стаў. 

Штодзень

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога