“Попыт на беларускамоўныя коміксы расце”. Як гомелец папулярызуе беларускую мову з дапамогай коміксаў

Падпісвайцеся на наш канал: https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien


 

10 гадоў таму гомельскі менеджар Сяргей Козыраў пачаў перакладаць коміксы на беларускую мову, а потым выкладаць іх для агульнага карыстання. За гэты час ён апублікаваў больш за 400 коміксаў на роднай мове.

Сяргей Козыраў. Фота: архіў героя публікацыі

З якога года пачаў перакладаць коміксы на беларускую мову?

Я пачаў перакладаць коміксы з 2012 года, то бок займаюся гэтым каля 10 год. Чаму пачаў гэта рабіць? Па-першае, таму што сам захапляўся коміксамі з дзяцінства. Па-другое, пачалася новая хваля зацікаўленасці коміксамі ў краіне. Я выпадкова пазнаёміўся з чалавекам з Астраўца, які паказаў мне сайты, на якіх іншыя людзі выкладваюць пераклады коміксаў, але яны рабілі гэта па-расейску. Я зразумеў, што ў мяне ёсць пэўныя магчымасці і здольнасці, каб не толькі афармляць, але і перакладаць. Я падумаў, што неабходна перакладаць менавіта на беларускую мову.

А колькі коміксаў пераклаў за гэты час?

Усяго апублікавана каля 470 коміксаў. Ёсць яшчэ неапублікаваныя, але перакладзеныя. То бок наша кампанія comicsby агулам пераклала каля 500 тэкстаў.

А ці хтосьці яшчэ займаецца падобнай дзейнасцю ў Беларусі?

Калі не памыляюся, то мэтаскіравана коміксы перакладаю толькі я (пад нашым брэндам comicsby). Таксама перакладалі некаторыя іншыя людзі. Напрыклад, дзяўчына з Магілёва Алена Васількова. Таксама Артур Барадачоў перакладаў дужа шмат... Ёсць таксама людзі, якія перакладаюць манга (манга -- японскія коміксы, жанр паўстаў пасля ІІ Сусветнай вайны -- заўв. рэд.). Ёсць праект anibel.net, удзельнікі якога займаюцца манга, але не кранаюць коміксы. Мы ведаем адзін пра аднаго, але ў нас розныя шляхі. Гэта яшчэ раз кажа пра тое, што не толькі ў аднаго мяне ёсць такая ідэя.

Я б сказаў, што пераклад коміксаў -- гэта мой сацыяльны праект, тое, што я раблю для грамадства. Я не хачу толькі спажываць нейкі кантэнт, я не магу так жыць, мне трэба нешта даваць людзям.

 

У капілцы Сяргея Козырава -- пераклад нашумелай серыі коміксаў пра хадзячых мерцвякоў


Наколькі запатрабавана сфера перакладаў на беларускую мову коміксаў? Ці можна перавесці хобі на камерцыйныя рэйкі?

Цікавасць ёсць у людзей да беларускамоўных коміксаў. Больш за тое, у апошні час я заўважаю, што запатрабаванасць расце разам з тым, як пашыраецца беларускамоўны кантэнт у сацсетках. Усё больш пераходзіць людзей на беларускую мову, яны паведамляюць пра гэта ў сацсетках, у твітары. Такім чынам, людзі знаходзяць адзін аднаго, я знаходжу іх, яны -- мяне. Коміксы -- гэта насамрэч гэта такая літаратура, якую можна вельмі хутка прачытаць. Я спрабую кожны тыдзень публікаваць новыя пераклады, каб у людзей была магчымасць рэгулярнага чытання, каб яны маглі чытаць новае і сучаснае на беларускай мове.

Што да камерцыяналізацыі, цяжка вельмі на фінансавыя рэйкі пакласці маё захапленне. Творы стваралі іншыя людзі, якім належаць аўтарскія правы, таму зарабіць грошы можна толькі тады, калі пачнем ствараць уласны аўтарскі кантэнт, уласныя коміксы, самі будзем маляваць... Я не маю такога досведу ў такой справе. Але ў мяне ёсць задумы, нават у апошні час я пачаў гэтым займацца. Пакуль што ёсць планы, ёсць ідэі, ёсць ужо сцэнар аднаго комікса, але няма ані малюнкаў, ані эскізаў. Толькі ідэя і тэкст сцэнара. Таму для публікацыі яшчэ вельмі далёка, я так лічу. Магчыма, я яшчэ паўгода буду нараджаць гэты тэкст. Мастак ёсць адзін на прыкмеце, які мае апублікаваны комікс. Але ён малюе ў такім стылі, які не зусім падыходзіць, бо я падрыхтаваў тэкст у жанры хорар, а ён малюе як дзіцячыя ілюстрацыі. Напэўна, з ім пачнем пазней працаваць разам, калі ён будзе не супраць. Магчыма, прыйдзецца самому маляваць ці знайсці іншага чалавека, які пагадзіцца намаляваць. Але ў любым выпадку я б не хацеў кагосьці прымушаць працаваць бясплатна. Ёсць некалькі мадэляў, як аплаціць работу мастака: можна падзяліць аўтарскія правы, можна кікстартара запусціць. Не ведаю, як лепш зрабіць...

Сяргей Козыраў распавядае пра сваё хобі на занятках Мова Нанова ў Гомелі


Які твой улюбёны комікс з перакладзеных?

Тут хутчэй ёсць аўтары, якія падабаюцца, за якімі сочыш і хочаш чытаць іх творы. Мне падабаецца Скот Снайдар (Scott Snyder), напрыклад. Падабаецца Марк Мілар (Mark Millar), але апошнім часам ён не такі захапляльны, бо пачынаеш разумець, што ён, магчыма, мае скандальны імідж, каб зарабляць грошы. Але ён уздымае важныя тэмы.

А якія тэмы цікавыя беларусам?

Цяжка нешта пэўнае сказаць. Тут так адбываецца, што які-небудзь выпуск пра Кейсі Джонса хтосьці сцягне тысячу разоў, а пра якога-небудзь Мікеланджэла менш ста разоў. Не ведаю, ад чаго гэта залежыць. Канешне, першыя нумары з якой серыі сцягваюць добра, бо людзям з чагосьці пачынаць трэба. Але чым даўжэй серыя коміксаў, тым менш іх чытаюць і ўжо відаць, што толькі фаны застаюцца на гэтай серыі. Але, акрамя таго, што я публікую коміксы, мы пішам цікавыя артыкулы на такім узроўні, каб было зразумела ўсім. І калі іх прачытаеш, вельмі шмат становіцца зразумела наконт сусвета коміксаў і чаму людзі ўвогуле пішуць коміксы.

Раней функцыянаваў сайт comicsby, дзе выкладаліся пераклады. Ці існуе сайт цяпер?

Сайта цяпер няма, я яго закрыў. Я пытаў у чытачоў, ці патрэбна зноў адкрываць сайт. Яны адпісалі, што гэта мінулы век і што трэба ў сацсетках і тг-кантэнт ствараць. Раней галоўнай пляцоўкай было Укантакце, але цяпер ніякага руху там не адбываецца, беларускамоўных там няма. І цяпер у твітары хутка будзе больш падпісчыкаў. Таму ў прыярытэце на дадзены момант -- твітар і тэлеграм (падпісвайцеся на тг-канал Сяргея https://t.me/comicsby -- заўвага рэд.). Тэлеграм -- гэта як часопіс, людзі падпісваюцца на штосьці, а потым, калі ёсць час, яны чытаюць. Твітар -- хуткі, разлічаны на эмоцыі. Але галоўная старонка ў нас -- на патрэоне (Усе коміксы па-беларуску тут | comicsby на Patreon: https://www.patreon.com/posts/use-komiksy-pa-66999657 ), дзе ёсць каталог усіх коміксаў, дзе можна пачынаць знаёміцца і атрымаць агульныя ўяўленні. Таксама праз патрыён ёсць магчымасць праверыць, колькі людзей гатовыя фундаваць грошы ў нашую справу. Я разумею, што ў Беларусі цяжка за штосьці плаціць грошы, за інтэлектуальную маёмасць ці за пераклады, таму нікога не прымушаем, усё па жаданні і на добраахвотных асновах. Усе коміксы можна сцягваць бясплатна. Я не збіраюся нічога ў гэтым напрамку мяняць. Тыя ж тэксты можна чытаць як у тэлеграме, так і на патрэоне. Адзінае, што ёсць на патрэоне, але няма ў сацсетках, -- гэта ўласны блог, дзе я шчыра пішу, з чым я сутыкаюся ў жыцці, інфармую, калі будуць новыя коміксы... Яшчэ фундатары маюць магчымасць датэрміновага азнаямлення з новымі коміксамі, якія толькі ў наступным годзе ўсе пабачаць, такія вось перавагі падпіскі.

Штодзень 

https://t.me/shtodzien 
https://www.facebook.com/sztodzien

 

 

Комментарии

Популярные сообщения из этого блога